У райвыканкаме. Восеньскія клопаты

Важнае Свежыя навіны Улада

На нарадзе ў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі гучалі тэмы працы ў аграрным сектары, аптымізацыі будаўнічых работ, вакцынацыі.

Па будаўніцтве ёсць пытанні

Была засяроджана ўвага на аб’ектах незавершанага будаўніцтва. Як паведаміў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Пяцюк, такіх аб’ектаў у раёне 14, большасць – сельскагаспадарчыя, па некаторых толькі зроблена праектна-каштарысная дакументацыя і выканана крыху больш за 10 % будаўнічых работ.

Віталій Тадэвушавіч завастрыў увагу, што сёння губернатар вобласці ставіць задачу прыняць кіраўніцкія рашэнні па рабоце з гэтымі аб’ектамі. Пытанне вынесена на кантроль.

Таксама Віталій Шулейка даручыў Васілю Пецюку і яго намесніку Васілю Мудраму разабрацца з асфальтаваннем вуліцы Азёрнай у Дзятлаве. Нязладжанасць задзейнічаных у рамонце вуліцы прадпрыемстваў можа прывесці да зацягвання тэрмінаў выканання работ.

– А добрае надвор’е, якое ўстанавілася на гэтым тыдні, упусціць нельга, каб пасля не асфальтаваць па лужынах, – рэзюмаваў першы намеснік.

Верыць карысці вакцынацыі ці не?

Не расхалоджвацца ў растлумачальнай рабоце з жыхарамі раёна па пытаннях вакцынацыі арыентаваў Віталій Шулейка галоўнага доктара ЦРБ Алега Анцуха і галоўнага санітарнага доктара раёна Алену Шайбак.

Як адзначыла Алена Вячаславаўна, на Дзятлаўшчыне працягваецца рост захворвання на каранавірус, як і ўвогуле па вобласці. Пры гэтым, расказала пра выпадак у нашым дзіцячым санаторыі “Баравічок”, дзе на мінулым тыдні быў зафіксаваны выпадак каранавірусу ў дзіцяці, пасля чаго ўзялі тэсты ў персаналу санаторыя, больш за 70 % якога прышчэплены ад COVID-19, і іншых адпачываючых дзяцей. У пяці дзетак тэсты станоўчыя, у персаналу – усе адмоўныя.

Сумная “лебядзіная песня”

Інакш не скажаш пра сітуацыю са здарэннямі мінулага тыдня, пра якія далажыў на нарадзе начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль. Ніводнага крадзяжу, затое шэраг крымінальных і адміністрацыйных спраў у сферы бытавых зносінаў: сын пагражаў маці забіць сякераю, сусед суседку збіў палкай па галаве, жонка мужа параніла нажом у жывот і іншыя.

Што датычыцца здарэнняў па лініі РАНС, адзін пажар адбыўся ў раёне, гарэла прыватная лазня. Абышлося без пацярпелых.

Іншыя пытанні

Для сельскіх гаспадарак раёна бліжэйшы тыдзень стане вельмі складаным і насычаным: стаіць задача ў кароткі тэрмін завяршыць пасяўную. Дзятлаўскія аграрыі ўжо працуюць да позняга вечара, магчыма арганізацыя работы ў начныя змены.

***

Задачу трымаць на кантролі выплату заработнай платы і своечасовасць аплаты арганізацыямі і прадпрыемствамі за энерганосьбіты паставіў Віталій Шулейка намесніку старшыні райвыканкама Андрэю Жыдко. Андрэй Паўлавіч удакладніў, што сапраўды ёсць структуры, якія па выкананні тэрмінаў аплаты за энерганосьбіты вызываюць сумненне.

***

Напрыканцы нарады Віталій Тадэвушавіч падзякаваў усім арганізацыям і прадпрыемствам, якія былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў абласным свяце “Дажынкі – 2021”, адзначыў, што дзятлаўскі падворак быў адным з самых прывабных і наведвальных гасцямі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: