Тамара Карэнка: “Ёсць два цуды на Зямлі – кветкі і дзеці”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам з актывістамі раённага савета ветэранаў па сакрэты даўгалецця накіраваліся да дзятлаўчанкі Тамары Карэнка, якая сёлета адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей. Віншавалі доўгажыхарку і педагогі, паколькі ўвесь працоўны шлях Тамары Іосіфаўны прайшоў у сістэме адукацыі нашага раёна.

Нарадзілася будучая настаўніца ў 1931 годзе ў вёсцы Малая Воля ў сям’і лесніка. Бацькі любілі музыку, добра спявалі, дома быў патэфон з грампласцінкамі. Матуля, Яўгенія Сцяпанаўна, славілася рукадзеллем, тата, Іосіф Сідаравіч, захапляўся садам і кветкамі, разводзіў пчол. Яшчэ ў Карэнкаў было шмат кніг і часопісаў, не дзіўна, што Тамара і тры яе малодшыя сястры любілі чытаць, маляваць, спяваць. Першы клас дзяўчынцы давялося скончыць двойчы: у польскай школе ў 1938 годзе і ў беларускай у 1939-м (пасля аб’яднання тэрыторыі нашай краіны). Затое праз год кемлівая вучаніца экстэрнам адолела курс пачатковай школы. На жаль, пачалася Вялікая Айчынная вайна, людзі імкнуліся выжыць, дзяцей вучылі, як атрымлівалася. Дзесяцігадовай Тамары тройчы давялося стаяць пад дуламі варожых аўтаматаў, і наша зямлячка лічыць, што толькі па міласці Божай яе сям’я перажыла ваеннае ліхалецце.

Пасля перамогі Тамара прадоўжыла вучобу ў 5 класе Казлоўшчынскай школы, хаця хадзіць на заняткі даводзілася па 10 кіламетраў праз лес.

– Вы не ўяўляеце, як я хацела вучыцца, марыла стаць мастачкай або кветкаводам, бо ўсё жыццё любіла кветкі, садзіла іх на кожным свабодным участку двара. Лічу, ёсць два цуды на Зямлі – кветкі і дзеці, нездарма іх пастаянна параўноўваюць,” –  разважае Тамара Іосіфаўна.

Пасля школы вучыцца далей у вясковай дзяўчыны не атрымалася, але пасляваеннай Беларусі былі патрэбны педагогі. Тамару, як адну з лепшых выпускніц, накіравалі працаваць настаўніцай матэматыкі і пачатковых класаў у Горку, а праз два гады нечаканай практыкі яна стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла на выдатна. У паспяховай выпускніцы была магчымасць застацца ў аспірантуры, але яна вырашыла вярнуцца на малую радзіму, каб дапамагаць бацькам і сёстрам.

На Дзятлаўшчыне некалькі гадоў адпрацавала ў Рудаяварскай школе, была дырэктарам спачатку Падвялікаўскай, затым Малавольскай школ. У роднай вёсцы Тамары Карэнка было наканавана лёсам сустрэць сваё каханне – “неверагоднага доктара” Уладзіміра Процку, таленавітага, кемлівага, душу любой кампаніі.

У прафесійнай практыцы Уладзіміра Сілавіча быў выпадак, які праславіў яго сярод жыхароў навакольных вёсак. Быў разгар жніва, спёка, увесь калгасны транспарт – у полі, а ў Малой Волі пацыентка два дні ляжала з вострым болем і падазрэннем на апендыцыт. Выкліканы да яе Уладзімір Процка зразумеў, што час страчаны, везці хворую канём у бальніцу небяспечна. Тады доктар прыняў рашэнне аперыраваць на месцы і паспяхова справіўся з задачай, выратаваў жанчыну. Праўда, медыку была аб’яўлена вымова за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, але ў вёсцы і сярод калегаў ён стаў героем. Неяк адразу людзі пачалі паважліва называць яго “Сілавічам”.

Родам Уладзімір Процка быў з Гомельшчыны, на выдатна скончыў медінстытут і, як Антон Чэхаў, вырашыў стаць “земскім доктарам”, так трапіў у вёску Малая Воля, дзе дырэктарам школы працавала Тамара Карэнка. Два таленавітыя чалавекі не маглі не заўважыць адзін аднаго: закахаліся і пажаніліся, выгадавалі дзвюх дачок – Алену і Ірыну.

У 60-х сям’я пераехала ў Дзятлава, дзеці вучыліся ў сярэдняй школе № 1, дарослыя працавалі ў школе-інтэрнаце: Уладзімір Сілавіч – медработнікам, Тамара Іосіфаўна – настаўніцай матэматыкі, фізікі, астраноміі, чарчэння, малявання, інфарматыкі. Яе вучням асабліва запомніліся ўрокі “зорнага неба”, бо вечарамі на падворку настаўніцы ўсталёўваўся тэлескоп, і дзеці прыходзілі з інтэрната паназіраць за зоркамі. Пасля ўсе разам пад адкрытым небам садзіліся за стол піць чай з варэннем і цукеркамі, размаўляць пра таямніцы Сусвету і будучыню.

У 1988 годзе Тамара Іосіфаўна выйшла на заслужаны адпачынак, каб даглядаць унукаў-двайнят, бо дачка Ірына на той час атрымлівала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, дзе няма завочнага аддзялення.

Сярод сакрэтаў свайго даўгалецця наша 90-гадовая зямлячка называе вялікую дружную сям’ю, дзе заўсёды панавалі любоў і ўзаемапавага, маляўнічую прыроду роднай вёскі, кветкі, якія дарылі ёй цудоўны настрой. Яшчэ Тамара Карэнка ўпэўнена, што яе жыццё падаўжаюць штодзённае чытанне, дзве лыжкі мёду (раніцай і перад сном), а таксама матэматыка, якая прыводзіць розум у парадак. Дарэчы, юбілярка пацікавілася ў гасцей, ці ведаюць яны, што такое “гугл”, і з хітрай усмешкай патлумачыла, што менавіта так называецца лічба дзесяць у сотай ступені.

Тамара Іосіфаўна ўпэўнена, што і ў шаноўным узросце жыццё можа быць цікавым. Напрыклад, у 2020 годзе адзначалася 80-годдзе заснавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З нагоды свята адбылася сустрэча выпускнікоў, і Тамара Карэнка аказалася сярод іх старэйшай: яна скончыла ВНУ ў 1956 годзе. Наша зямлячка падарыла ўніверсітэцкаму музею свой студэнцкі білет за 1952 год і некалькі памятных фотаздымкаў часоў студэнцтва.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga