Сэрцамі дакрануліся да святыняў

Грамадства Свежыя навіны

Падарожнічаць па роднай краіне ў рамках рэспубліканскай праграмы “Актыўнае даўгалецце” і раённага праекта “Свет без межаў” прадаўжаюць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і клуба “Пазнай-ка”, які працуе пры ім.

Нядаўна людзі “залатога ўзросту” на чале з загадчыцай аддзялення Галінай Касцюк накіраваліся ў паломніцтва па святых мясцінах Беларусі, выбраўшы для азнаямлення і малітвы два духоўныя цэнтры праваслаўя нашай краіны – царкву Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах і Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.

Некаторыя экскурсанты наведвалі гэтыя святыні ўпершыню. У Сынкавічах былі асабліва здзіўлены, што ў невялікім населеным пункце захаваўся такі старажытны і велічны храм. Сучасныя гісторыкі і багасловы не могуць дакладна назваць час будаўніцтва Міхайлаўскай царквы, але сцвярджаюць, што гэты помнік праваслаўя адзін з першых на тэрыторыі Беларусі пабудаваны ў гатычным архітэктурным стылі з элементамі старажытнарускага дойлідства. Стаіць царква на ўзвышшы сярод палёў, каля яе ёсць прыгожая званіца.

Аднак дзятлаўчане прыехалі ў Сынкавічы не проста палюбавацца мясцовым храмам, яны ведалі, што гэта святыня славіцца цудатворным вобразам Прасвятой Багародзіцы “Усецарыца”, каля якога паломнікі ўзнеслі да Бога свае малітвы разам са шматлікімі ўдзельнікамі богаслужэння з розных куткоў Беларусі. Пасля службы наведалися да святой сынкавіцкай крынічкі, якая аздоблена ў выглядзе храма. На жаль, мясцовая купальня аказалася закрытай на рамонт, аднак гэта не надта засмуціла дзятлаўчан, бо яны спяшаліся ў Жыровічы.

У Свята-Успенскім манастыры людзі “залатога ўзросту” таксама памаліліся, прагуляліся па абіцелі, узгадалі яе гісторыю. Самы старажытні аб’ект Жыровіцкага манастыра – Богаяўленская царква, з будаўніцтвам якой звязана незвычайная легенда. Паводле падання, у 1470 годзе на гэтым месцы на дзікай грушы пастушкі знайшлі цудадзейны вобраз Жыровіцкай Божай Маці, які і сёння захоўваецца ў храме і па малітвах цудоўным чынам дапамагае вернікам.

На выездзе з Жыровічаў паломнікі накіраваліся да святой крыніцы, на гэты раз усе жадаючыя змаглі не толькі набраць вады, але і акунуцца ў купальні, палюбавацца прыгажосцю гэтага святога месца. Па дарозе дамоў зрабілі прыпынак у лесе, каб папіць духмянага чаю і падзяліцца ўражаннямі ад паездкі.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Галінай КАСЦЮК