Рэаніміраваць прамысловасць, аднавіць гандаль, вырашыць кадравае пытанне

Важнае Грамадства

Такія задачы сёння стаяць перад Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Яго дырэктар Мікалай Гародка, які менш за месяц таму ўзначаліў падраздзяленне, з уласнага досведу ведае, як функцыянуе і чым “дыхае” спажывецкая кааперацыя раёна, бачыць праблемы галіны і шляхі іх вырашэння.

– Мікалай Віктаравіч, у якіх напрамках сёння працуе Дзятлаўскі філіял? Якія змяненні адбываюцца ў сістэме?

– Работа спажывецкай кааперацыі раёна ідзе ў традыцыйным рэчышчы, у даўно зацверджаных галінах. Цэнтральнае месца займае гандаль, функцыянуюць сістэма грамадскага харчавання, прамысловыя падраздзяленні – хлебазавод, два цэхі – забойны і мясных паўфабрыкатаў. Сярод новага, што адбываецца ў філіяле, трэба найперш адзначыць змяненне падыходаў у нарыхтоўчай галіне: калі раней акцэнт рабіўся на нарыхтоўку сельгаспрадукцыі ад насельніцтва, то сёння мы засяроджваем увагу на другаснай сыравіне.

– Што экспартуеце на знешні рынак?

– Вялікую долю экспарту нашага філіяла складаюць паўфабрыкаты мясной прадукцыі. Пастаўляем пераважна ў Расійскую Федэрацыю. Ёсць вялікі патэнцыял для экспарту садавіны і агародніны.

– Спажывецкі гандаль заўжды быў і застаецца сацыяльна арыентаваным. Ці зніжае гэта канкурэнтаздольнасць?

– Калі раней Дзятлаўскі філіял быў практычна манапалістам у гандлёвай сферы раёна, то сёння на Дзятлаўшчыну прыйшлі буйныя гандлёвыя сеткі, і нам належыць прымаць выклікі часу. Гэта складана, але магчыма. Асноўная задача на сёння – спыніць падзенне ўдзельнай вагі спажывецкай кааперацыі ў тавараабароце раёна. Не выключаю, што мы зможам гэта зрабіць і нават дасягнуць росту ў гэтым напрамку. На дадзены момант спажывецкі гандаль раёна працуе са стратамі, але маем станоўчы прыклад спажыўкааперацыі вобласці, рэспублікі, якая змагла знайсці сваю нішу і паспяхова канкурыраваць з сучаснымі гандлёвымі гігантамі. Не трэба забываць, што спажывецкая кааперацыя першапачаткова стваралася для абслугоўвання сельскага насельніцтва, не адмаўляемся ад гэтай місіі і сёння. Мы знаходзім падтрымку кіраўніцтва раёна ў рашэнні аб ліквідацыі нерэнтабельных гандлёвых аб’ектаў у сельскай мясцовасці на карысць аўтамагазінаў. Такі мабільны гандаль літаральна даязджае да кожнага жыхара нашага раёна, нават у самыя аддаленыя населеныя пункты. Людзі могуць набыць заўсёды свежыя прадукты побач са сваім домам. Тым больш, кожны аўтамагазін сучасны, мае халадзільнае і іншае спецыяльнае абсталяванне, дзякуючы чаму асартымент прадукцыі дастаткова шырокі. Для жыхароў глыбінкі аўтамагазін часта адзіная магчымасць набыць неабходныя тавары.

– Раскажыце аб задумках, якія збіраецеся рэалізаваць у філіяле ў першую чаргу.

– Найперш варта звярнуць увагу на прамысловаць, дзе патрабуюцца новыя падыходы і рашэнні. На сёння вытворчыя магутнасці нашых прамысловых прадпрыемстваў загружаны не больш чым на 50 %. Па-першае, каб працаваў забойны цэх і цэх мясных паўфабрыкатаў, неабходна ў дастатковым аб’ёме забяспечыць іх сыравінай; па-другое, час шукаць новыя рынкі збыту на хлеб, які выпякаецца на нашым хлебазаводзе і забяспечвае патрэбы жыхароў раёна з запасам. У Дзятлаўскім філіяле заўжды былі адны з самых вялікіх аб’ёмаў вытворчасці хлебабулачнай прадукцыі ў вобласці. Сёння дзятлаўскі хлеб “едзе” ў Карэліцкі, Навагрудскі, Свіслацкі, Шчучынскі раёны, але плануем яшчэ пашыраць гарызонты. Таксама хацелася б вярнуцца да некалі паспяховага вопыту нарыхтоўкі дзікарослых грыбоў для экспарту: пакуль мы забяспечваем гэтай прадукцыяй толькі рознічную гандлёвую сетку. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне, патрабуюцца толькі спецыялісты. Бліжэйшым часам трэба будзе вызначыцца, што рабіць з памяшканнямі на другім паверсе магазіна “Міраж”, якія дагэтуль пустуюць. І самае “балючае” пытанне – кадравае: чатыры магазіны ў раёне, якія маглі б актыўна працаваць, зачыненыя з-за адсутнасці прадаўцоў. Гэтыя і іншыя надзённыя праблемы будзем вырашаць разам з камандай вопытных работнікаў спажывецкай кааперацыі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga