Непрацуючых аматараў “гарачыльнага” камісія накіруе ў ЛПП

Важнае Грамадства

База даных не занятых у эканоміцы грамадзян пераглядаецца ў Беларусі штоквартальна.

У апошні раз яна абнавілася 1 верасня. Сярод не занятых у эканоміцы даволі шмат грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і не жадаюць станавіцца на шлях выпраўлення. Што іх чакае, растлумачыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль:

– У нашым раёне камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва працуе з чэрвеня 2018 года. Асноўнай яе задачай з’яўляецца рэалізацыя нормаў Дэкрэта № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, у тым ліку арганізацыя дапамогі ў працаўладкаваннi, аказанне метадычнай і прававой кансультацый, растлумачэнне сацыяльна-працоўных гарантый, каардынацыя зацікаўленых органаў і арганізацый па правядзенні прафілактычнай работы, накіраванай на рэсацыялізацыю асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і іншыя. Ёсць і не самая прыемная для некаторых “асацыяльных” грамадзян частка работы камісіі – прыняцце рашэння мэтазгоднасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый тых, хто “хранічна” злоўжывае алкаголем і не імкнецца глядзець на свет цвярозым позіркам. Такое права прадастаўлена камісіям з 30 снежня 2020 года згодна з адпаведным нарматыўным актам. Дакумент быў распрацаваны Дэпартаментам выканання пакаранняў і Галоўным упраўленнем аховы правапарадку і прафілактыкі МУС і падпісаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Так было ўведзена новае паняцце “працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”, а таксама вызначаны крытэрыі для такой ацэнкі асобаў: сістэматычнае злоўжыванне наркотыкамі, псіхатропамі, спіртным, таксічнымі або іншымі адурманьваючымі рэчывамі, а таксама ўчыненне правапарушэнняў у стане наркатычнага або алкагольнага ап’янення. Гэта цяпер расцэньваецца як антыграмадскія паводзіны і служыць падставай для накіравання ў ЛПП. Дакументам прадугледжаны таксама і тэрміны знаходжання ў прафілакторыях. Калі чалавек трапляе туды як мінімум трэці раз, суд з гэтага часу зможа яго прымусова ізаляваць на тэрмін да двух гадоў замест аднаго.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: