Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 6 па 12 верасня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 82 паведамленні, 7 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 16 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 59 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 23 правапарушальнікі, узбуджаны 3 крымінальныя справы.

Пабыла ў гасцях – прапаў тэлефон

У гасцях у пенсіянеркі, жыхаркі аднаго з аграгарадкоў нашага раёна, пабыла работніца мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Пасля адыходу жанчыны гаспадыня не змагла адшукаць свой тэлефон. Як пазней аказалася, яго прыхапіла з сабой госця. Узбуджана крымінальная справа.

Мабільнікі “ліпнуць” да рук?

На беспрацоўнага жыхара аднаго з аграгарадкоў нашага раёна ўзбуджана крымінальная справа за паўторны крадзеж тэлефона. У салоне сотавай сувязі райцэнтра мужчына махлярскім шляхам завалодаў мабільным тэлефонам дзятлаўчаніна, чым нанёс гаспадару матэрыяльную шкоду ў памеры 378 рублёў. Злодзея чакае суд.

Небяспечная знаходка на Чыгуначнай

Пры правядзенні пошукавых работ у гарадскім пасёлку Наваельня на вуліцы Чыгуначнай ваеннаслужачыя знайшлі 45-міліметровы снарад, як мяркуецца, часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечная знаходка была знішчана.

Банкаўская картка “пахудзела”

На невядомага злодзея з інтэрнэт-прасторы ўзбуджана крымінальная справа. Зламыснік з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі скраў з карт-рахунка ЗАТ “МТБанк” бухгалтара аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра 580 рублёў.

Міліцыя нагадвае, што называць даныя сваіх банкаўскіх картак трэцім асобам і агучваць коды пацвярджэння банкаўскіх аперацый, якія прыходзяць на тэлефон, нельга.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga