Юрый Караеў: “Сацыяльнай напружанасці не адчуваецца”

Галоўнае Улада

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў 10 верасня правёў прамую тэлефонную лінію ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.

За дзве гадзіны работы Юрыю Хаджымуратавічу паступіла 7 зваротаў, большасць з іх – ад дзятлаўчан.

Пытанні тычыліся пракладкі і падвядзення камунікацый у прыватным жылым сектары, сацыяльных гарантый для дзіцяці-інваліда, ачысткі возера ў райцэнтры, аднаўлення работы лазні ў аграгарадку Вензавец, распрацоўкі праекта новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Дзятлаўчанка, якая жыве адна, прасіла дапамагчы ёй выкапаць траншэю для ўрэзкі ў гарадскую каналізацыю па вуліцы Азёрнай, дзе пачынаюцца работы па ўкладцы асфальтавага пакрыцця. Жанчына перажывала, што, калі асфальт пакладуць, капаць ёй ужо не дазволяць.

Сітуацыю патлумачыў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня, які прысутнічаў на прамой тэлефоннай лініі. Ён расказаў, што ведае аб праблеме, ужо гутарыў з дзятлаўчанкай на гэты конт. Сяргей Міхайлавіч паабяцаў заяўніцы разам са спецыялістам ДРБУ № 119 прыехаць да яе на наступным тыдні і разабрацца ў вырашэнні справы.

Памочнік Прэзідэнта запэўніў жанчыну, што хвалявацца ёй не варта – пытанне будзе вырашана станоўча.

Наступны званок паступіў ад жыхара Гродзенскага раёна, які хацеў атрымаць кампенсацыю за сапсаваныя ў час капітальнага рамонту рэчы. Юрый Караеў прапанаваў мужчыну скласці падрабязны спіс з магчымым коштам маёмасці і даслаць яму для далейшага разгляду і прыняцця рашэння.

З аграгарадка Вензавец патэлефанавала маці дзіцяці-інваліда. Жанчына расказала, што яны з мужам працуюць і хочуць, каб 17-гадовы сын-інвалід знаходзіўся ў калектыве. Раней хлопец наведваў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цяпер яму прыспеў час перайсці ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аднак з-за медыцынскіх супрацьпаказанняў сына туды не прымаюць, замест гэтага сям’і прапанавалі паслугі сядзелкі або змясціць юнака ў спецыялізаваны інтэрнат.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі патлумачыў памочніку Прэзідэнта, што пытаннем заяўніцы займалася юрыдычная служба райвыканкама. На жаль, пры падобных захворваннях менавіта такія сацыяльныя гарантыі для інвалідаў распрацаваны медыкамі і замацаваны заканадаўствам. Юрый Караеў пацвердзіў, што ніхто не мае права адступаць ад закона, таму сям’і трэба зрабіць выбар з прапанаванага.

Жыхары вуліцы Катоўскага райцэнтра цікавіліся магчымасцю пракладкі на іх вуліцы каналізацыі, выказалі гатоўнасць аплаціць праект і работы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі паабяцаў, што спецыялісты камунальнай службы раёна ў бліжэйшы час правядуць на вуліцы Катоўскага сход жыхароў, на якім будзе створаны кааператыў і вызначаны алгарытм далейшых дзеянняў. Калі людзі сапраўды зацікаўлены, праблем з пракладкай каналізацыі ўзнікнуць не павінна.

Яшчэ адзін жыхар гэтай вуліцы задаў памочніку Прэзідэнта пытанне, калі будуць чысціць дзятлаўскае возера ў мікрараёне вуліцы Чырвонаармейскай.

Са слоў дырэктара РУП ЖКГ Сяргея Луні летась па рэкамендацыі эколагаў вадаём зарыбілі белым амурам. За кошт таго, што рыба актыўна харчуецца воднымі раслінамі, павінна адбыцца прыроднае ачышчэнне возера.

Наступным патэлефанаваў жыхар аграгарадка Вензавец, якога цікавіла, ці будзе адноўлена работа лазні, пабудаванай у свой час на базе мясцовага сельгаспрадпрыемства. У ёй неабходны рамонт печы.

Юрый Караеў паведаміў, што цяпер былы КСУП развівае інвестар з Польшчы, і лёс гэтага аб’екта ён будзе вырашаць сам, аднак памочнік Прэзідэнта паабяцаў пагутарыць з новым уласнікам.

Апошні званок паступіў ад жыхара гарадскога пасёлка Наваельня. Ён звязаўся з памочнікам Прэзідэнта, каб пагутарыць аб праекце новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноўных палажэннях, якія там будуць адлюстраваны.

Юрый Хаджымуратавіч падрабязна адказаў на ўсе пытанні мужчыны наконт галоўнага дакумента нашай краіны.

Напрыканцы інспектар па Гродзенскай вобласці падвёў вынікі прамой тэлефоннай лініі ў Дзятлаве.

– Большасць пытанняў тычыліся сферы камунальнай гаспадаркі, адзін званок быў грамадска-палітычнага зместу – аб будучай Канстытуцыі, прычым чалавек сам ведаў практычна ўсе факты, якія можна знайсці ў адкрытым доступе, але, відаць, хацеў лішні раз упэўніцца. У цэлым, сацыяльнай напружанасці ў Дзятлаўскім раёне не адчуваецца: не паступіла ніводнага пытання па праваахоўнай дзейнасці або несправядлівых маёмасных ці тэрытарыяльных рашэннях. Можна зрабіць выснову, што праблемы грамадзян вырашаюцца своечасова і выхаду на больш высокі ўзровень не патрабуюць, – зазначыў Юрый Караеў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga