Ідзеш у магазін? Не забудзь маску!

Галоўнае Грамадства

Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі рэйд па аб’ектах абслугоўвання насельніцтва, каб праверыць, як іх работнікі і наведвальнікі абараняюць сябе ад каранавірусу.

– Згодна з рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама ад 2 жніўня гэтага года ў раёне дзейнічае комплекс санітарных нормаў і правіл для папярэджання заносу, узнікнення і распаўсюджання вірусных інфекцый, – каментуе сітуацыю галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. – Работнікі гандлёвых цэнтраў, магазінаў, аптэк, пунктаў грамадскага харчавання, банкаў і падобных установаў не маюць права абслугоўваць грамадзян, якія не карыстаюцца сродкамі індывідуальнай абароны органаў дыхання ў месцах, дзе немагчыма захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў паўтара метра.

Пры гэтым, адміністрацыя і работнікі такіх установаў павінны інфармаваць насельніцтва аб неабходнасці ў месцах скаплення людзей насіць маскі.

Cёння практычна ў кожным магазіне і ўстанове ёсць папярэджанне аб тым, што пакупнікі без масак не абслугоўваюцца, а таксама наглядная інфармацыя, як правільна надзяваць і насіць сродкі абароны органаў дыхання, на падлозе – яркая разметка, якая нагадвае аб сацыяльнай дыстанцыі.

Але калі пра апрацоўку рук на ўваходзе і выхадзе з магазінаў помняць амаль усе, то пра маску многія ўзгадваюць у лепшым выпадку на касе пры разліку або пасля нагадвання прадаўца. Дагэтуль ёсць і такія, хто ігнаруе індывідуальныя метады супрацьвіруснай абароны ва ўпэўненасці, што “каранавірус ужо скончыўся” або “мяне гэта навала абміне”. Пра сацыяльнае дыстанцыраванне на касе або каля прадуктовых прылаўкаў таксама гаварыць не прыходзіцца.

– Штодзень у нас бывае шмат пакупнікоў без сродкаў індывідуальнай абароны, – расказвае прадавец магазіна “Родны кут” Марына Ляўшук. – Кожнаму з іх мы прапануем набыць маску на касе, яны заўсёды ў нас ёсць у продажы. Некаторыя пагаджаюцца, але часам сустракаем рэзка адмоўную рэакцыю.

На жаль, нават тыя, хто не грэбуе нашэннем сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання ў грамадскіх месцах, робяць гэта няправільна: трэндам гэтага сезона стала нашэнне маскі “пад носам”, якое прыносіць толькі ўяўнае самазаспакаенне і ніякай карысці. Аднак ёсць нямала і станоўчых прыкладаў ад нашых землякоў. Наведвальніца магазіна “Родны кут” Алена ставіцца да індывідуальных масак адназначна:

– Сёлета я прышчапілася ад COVID-19, але ад нашэння маскі не адмаўляюся. Абавязкова нашу яе на рабоце, бо працую ў сферы абслугоўвання, а таксама пры наведванні магазіна, банка, паштовага аддзялення і іншых падобных установаў. Лічу, што карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны ад каранавірусу ў грамадскіх месцах павінен кожны. Гэта не толькі спосаб засцерагчы сябе ад захворвання, але і праяўленне павагі да здароўя іншых людзей.

У магазіне “Капеечка” персанал таксама працуе згодна з санітарнымі патрабаваннямі, у масках і пальчатках. Па словах касіраў, пакупнікі без маскі цяпер сустракаюцца зусім нячаста. Тых, хто ўсё ж забывае пра сродкі абароны, на касе просяць набыць і надзець іх.

Мабыць, усе звярнулі ўвагу, што доўгі час у магазіне “АмиМебель” на ўваходзе ляжалі аднаразовыя маскі і пальчаткі для пакупнікоў. Праз год палітыка кампаніі ў гэтым пытанні крыху змянілася, і цяпер у магазіне спадзяюцца на асабістае сумленне і адказнасць пакупнікоў.

Вельмі строга і катэгарычна ставяцца да прафілактыкі каранавірусу ў банкаўскіх установах. Сюды вы нават зайсці без маскі не зможаце, такіх кліентаў адназначна не абслугоўваюць, прапануюць набыць маску ў бліжэйшым пункце гандлю.

Чарговы рэйд з Дзятлаўскім райЦГЭ навёў на не вельмі вясёлыя развагі: як ні сумна прызнаць, людзі вельмі расслабіліся ў пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. А між тым, выпадкі захворванняў прадаўжаюць фіксавацца і ў нашым раёне амаль кожны дзень. Пачалася восень, калі з надыходам прастуднага сезона абяцаюць новую хвалю COVID-19, наступствы якой дапамогуць прадухіліць ці хаця б зменшыць прышчэпкі і выкананне мераў індывідуальнай абароны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: