Дзень Парэцкага сельскага савета

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Парэцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па развіцці сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў” адбылася пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны.

Пра тое, як вядзецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і як з ёю спраўляецца самы вялікі па тэрыторыі сельсавет раёна, расказаў яго старшыня Аляксандр Ядэйка:

– Тэрыторыя Парэцкага сельсавета складае 292,7 кіламетра квадратнага. Тут знаходзяцца 27 населеных пунктаў, дзе жывуць 1343 чалавекі, сярод якіх 133 дзіцяці да 15 гадоў, 721 жыхар працаздольнага ўзросту, 469 пенсіянераў. Павышанай увагі патрабуюць 67 адзінокіх пажылых жыхароў і 266, якія жывуць адзінока, 10 шматдзетных сем’яў, 64 інваліды. На тэрыторыі сельсавета 1103 домаўладанні, незаселеныя – 448. Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадок Хвінявічы (479 жыхароў), вёскі Руда Яварская (206), Парэчча (167). А вось у Аляксандравічах, Вялікай Волі, Ганчарах, Гузнях, Калпінскіх, Латышах, Ліпічанскай пушчы, Нагорніках, Русаках жыве па 5 і менш чалавек.

На тэрыторыі сельсавета працуюць КСУП “Хвінявічы”, вытворчы ўчастак “Парэцкі спіртзавод” ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Хвінявіцкі дзіцячы-сад сярэдняя школа (97 дзяцей), сельскі дом культуры, Рудаяварскае і Дзямянаўскае лясніцтвы. Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць тры магазіны Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і столькі ж прыватных, спажывецкія тавары ў населеныя пункты без стацыянарных магазінаў дастаўляюць аўталаўкі, заказаць неабходнае можна і ў паштальёнаў.

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць царква Святога Архангела Міхаіла і касцёл Святога Іосіфа ў вёсцы Руда Яварская, Барыса-Глебская царква ў Накрышках, царква Прападобнага Сергія Раданежскага ў Дзямянаўцах. У Хвінявічах, Дубраўцы, Дзямянаўцах, Вялікай Волі знаходзяцца помнікі воінам і землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, за ўборкай якіх сочаць замацаваныя арганізацыі.

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць Парэцкая амбулаторыя Дзямянаўскі і Рудаяварскі ФАПы, раённая паліклініка. Дзямянаўскі ФАП, паколькі там некалькі гадоў няма доктара і выязное абслугоўванне ажыццяўляюць спецыялісты Парэцкай амбулаторыі, плануецца закрыць. Медыкі рэгулярна праводзяць агляды адзінокіх пажылых грамадзян, тых, хто жыве адзінока, распрацаваны графікі наведвання пацыентаў дома.

Значная ўвага надаецца сацыяльнай абароне насельніцтва сельсавета, асабліва адзінокіх пенсіянераў і нямоглых людзей. На надомным абслугоўванні 5-і сацработнікаў ЦСАН Дзятлаўскага раёна знаходзяцца 18 такіх жыхароў. На сацыяльныя ложкі накіраваны 4 чалавекі, якія самастойна не могуць забяспечыць сабе паўнавартаснае жыццё, яшчэ адзін знаходзіцца ў доме сумеснага самастойнага пражывання.

Сярод распаўсюджаных формаў работы з насельніцтвам па месцы жыхарства – вясковыя сходы і падворныя абходы. Значную ролю ў забеспячэнні грамадскага парадку і стварэнні спрыяльных умоваў для жыццядзейнасці мае грамадскі пункт аховы правапарадку, які працуе пры сельвыканкаме. На пасяджэнні запрашаюцца адказныя асобы суб’ектаў прафілактыкі і грамадзяне. З пачатку года адбылося 10 пасяджэнняў, заслуханы 44 грамадзяніны, праведзены 72 індывідуальныя прафілактычныя гутаркі, 16 сходаў грамадзян, у лячэбна-працоўны прафілакторый скіравана 2 чалавекі, адзін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за захоўванне і продаж алкаголю.

Штогод на тэрыторыі сельсавета ладзяць суботнікі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый і могілак. Толькі сёлета выдалена каля 500 дрэваў, цяпер іх спілоўваюць на могілках вёскі Вялікая Воля.

Шмат увагі надаецца незаселеным дамам: сёлета ўласнікамі спісана 5 дамоў, 2 рашэннем суда прызнаны безгаспадарчымі і перададзены сельвыканкаму (летась – 4, ужо 2 знесены).

На тэрыторыі сельсавета адбыліся 2 пажары, загінуў адзін жыхар, таму вялікая ўвага надаецца папярэджанню надзвычайных сітуацый. За 8 месяцаў аглядавай камісіяй сельвыканкама абследавана 460 домаўладанняў, 857 чалавек праінструктаваны аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі, на 98 % пажарнымі апавяшчальнікамі абсталяваны прыватны сектар, выяўлена 39 парушэнняў, ужо ўхілена 37, выслана 18 лістоў дзецям з напамінам паклапаціцца аб пажылых бацьках. Работа па гэтых кірунках будзе прадоўжана, – падрахункаваў сваё выступленне Аляксандр Ядэйка і запрасіў прысутных наведаць некаторыя ўстановы сельсавета.

Удзельнікі мерапрыемства пабылі ў магазіне “Родны кут”, агледзелі два заўсёды запатрабаваныя аб’екты КСУП “Хвінявічы” – сталовую і лазню, з работай якіх гасцей азнаёміў дырэктар гаспадаркі Мікалай Бубноўскі. Прыемнае ўражанне засталося ад агляду Парэцкай амбулаторыі, дзе ёсць запатрабаваныя дактары-спецыялісты. На могілках вёскі Раманавічы, якія знаходзяцца ў лясным масіве, вясковая стараста Марыя Красачка расказала, як агульнымі намаганнямі сельвыканкама і жыхароў за 2 гады былі выдалены ўсе дрэвы, добраўпарадкаванне прадаўжаецца.

Вялікую цікавасць у старшыняў сельвыканкамаў выклікала наведванне аграсядзібы Івана Ёды ў вёсцы Накрышкі і рыбнай гаспадаркі ТАА “РОСТРА” Генрыха Вараб’я. Маляўнічыя краявіды, чыстае паветра, вадаёмы – тут ёсць усё, каб прывабіць адпачывальнікаў. І калі першы турыстычны аб’ект яшчэ будуецца, то другі працуе і карыстаецца попытам у людзей.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што ўсе кірункі работы органаў мясцовага самакіравання па паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва важныя, аднак цяпер вельмі актуальным з’яўляецца развіццё турызму і краязнаўства. Выдатна, калі ў сельсавеце знаходзяцца энтузіясты, якія адкрываюць аграсядзібы, развіваюць мясцовую інфраструктуру, сочаць за чысцінёй і добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый. Такіх людзей заўсёды трэба падтрымліваць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: