Для тых, хто гадуе дзіця-інваліда

Важнае Грамадства

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары раёна.

Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій і дапамогаў. Адказвае на іх намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: мне прызначана пенсія на 6-гадовае дзіця-інваліда. Ці прадугледжаны заканадаўствам яшчэ якія-небудзь выплаты?

Адказ: калі ў сям’і гадуецца дзіця-інвалід, то, акрамя пенсіі, прызначаецца штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў. Прызначаецца такая дапамога па месцы работы, у некаторых выпадках – у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Выплачваецца яна не толькі на дзіця-інваліда, а і на ўсіх непаўналетніх дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія гадуюцца ў сям’і.

Таксама ёсць яшчэ дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Яна прызначаецца толькі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Гэта дадатковая дапамога, якая не залежыць ад факта атрымання іншых выплат – пенсіі і іншай дапамогі.

Так, напрыклад, маці, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, мае права на час такога водпуску атрымаць на дзіця-інваліда тры віды выплат: дапамогу (па месцы работы), пенсію і дапамогу па доглядзе (у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне).

З 1 ліпеня 2017 года атрымаць у органах сацыяльнай абароны дадатковую дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда могуць таксама бацькі, якія працуюць дома ці на 0,5 стаўкі або з’яўляюцца пенсіянерамі.

Пытанне: ці можна мне даглядаць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, калі ў яго 2-я ступень страты здароўя?

Адказ: Можна. Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца незалежна ад устанаўлення яму ступені страты здароўя.

Пытанне: як выплачваецца дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда?

Адказ: дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў выплачваецца штомесячна па дзень заканчэння тэрміну прызнання дзіцяці інвалідам, вызначанага медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, уключна, але не пазней за дзень, які папярэднічаў дню дасягнення ім узросту 18 гадоў.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga