Багацце зямлі – гэта людзі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Мерапрыемства “Калі мы адзіныя – мы непераможныя”, прымеркаванае да Дня народнага адзінства, сабрала ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых людзей з Дзятлава і Навагрудка.

Сябры з двух раёнаў сустрэліся, каб абмяняцца творчымі дасягненнямі, паглыбіць веды аб гісторыі роднага краю, весела пабавіць час і стаць яшчэ больш згуртаванымі і дружнымі.

– Дзятлаўская зямля заўсёды рада прымаць гасцей, – павітала навагрудчан дырэктар цэнтра Таццяна Нікіпорчык. – Наша сённяшняя сустрэча заклікана ў чарговы раз даказаць, што мы разам, мы адзіны народ. Спадзяюся, вы будзеце прыязджаць часцей, мы будзем сябраваць і актыўна дзяліцца лепшым вопытам работы.

За тое, што згадзіліся раздзяліць радасць важнага для нашай краіны свята – Дня народнага адзінства, гасцям падзякавала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Галіна Касцюк. З калегамі з Навагрудчыны яна абмянялася цёплымі пажаданнямі і памятнымі падарункамі.

Ад дзятлаўскай моладзі выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Дзякуй вам, людзі “залатога ўзросту”. Для нас вы – мудрыя настаўнікі, прыклад для пераймання, пакаленне, якое адстаяла мір і свабоду на беларускай зямлі. Мы глыбока ўдзячны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вязням фашысцкіх канцлагераў, тылавікам, якія выстаялі, каб мы жылі пад мірным небам. Шчыра шануем памяць загінулых. А вы, ветэраны працы, сваёй адданасцю справе, мудрасцю, трываласцю паказваеце нам, як трэба любіць, працаваць, жыць у нашай краіне.

Напярэдадні свята моладзевы лідар перадала падарункі для тых, хто не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, – насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў.

Яркі музычны сюрпрыз для ўдзельнікаў сустрэчы падрыхтавалі артысты Дзятлаўшчыны. Песні пра Беларусь, каханне, натхненне гучалі ў выкананні народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, Аксаны Кашляк, Чэслава Свіба, Таццяны Шосткі, Ірыны Бакшук і іншых.

Не абышлася ўрачыстасць без цікавых конкурсаў і заданняў на веданне гісторыі, традыцый, дзяржаўных сімвалаў нашай краіны.

Песеннае выступленне падрыхтаваў і ўдзельнік Навагрудскай раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Уладзімір Жыраў. Падзеі верасня 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, удзельнікі мерапрыемства ўзгадалі ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Праграму сустрэчы прадоўжыла сяброўскае чаяванне, якое пачалося з эстафеты знаёмстваў, абмену падарункамі і пажаданнямі. За пачастункамі людзі “залатога ўзросту” чыталі вершы і спявалі песні.

Удзельнікі свята з задавальненнем падзяліліся ўражаннямі.

Людміла Масаева, старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ГА “БелТІ”, наведвальніца аддзялення для пажылых людзей:

– Спадабалася цёплая добразычлівая атмасфера сустрэчы. Дзятлаўчане прыемна ўразілі разнастайнасцю сваіх талентаў. Свята народнага адзінства я лічу важным для беларусаў, да гэтай даты мы звярнуліся нездарма. У сувязі з апошнімі падзеямі стала зразумела, што моладзь перастае цаніць тое, што цэнім мы, людзі старэйшага пакалення. Цяперашнія бацькі больш увагі надаюць матэрыяльнаму дастатку, а не маральным якасцям дзіцяці, не заўсёды цікавяцца, што ў душы сыноў і дачок. Відаць, гэтую ролю павінна ўзяць на сябе дзяржава і грамадскія аб’яднанні. Пры гэтым, лічу, абавязкова павінна быць сувязь маладога і старэйшага пакаленняў. Упэўнена, што Дзень народнага адзінства “прыжывецца” ў Беларусі. Умовы для дабрабыту ў Беларусі створаны, трэба толькі цаніць гэта і старанна працаваць.

Таццяна Хілімончык, дзятлаўчанка, удзельніца клуба “Нам гады не бяда”:

– Сумесная сустрэча выдалася цікавай і вясёлай, асабліва парадавалі артысты. Сама я стараюся не прапускаць мерапрыемстваў у аддзяленні. Родам я з Белгародскай вобласці Расіі, хаця на Дзятлаўшчыне жыву больш за 30 гадоў і мне вельмі цікавыя беларускія традыцыі і культура. У Беларусі выраслі мае дзеці, мой муж – беларус. Я выхоўвалася ў савецкі час, калі ў нас быў адзіны саюз, мы адчувалі сябе вялікай сям’ёй рэспублік. На святах за адзін стол садзіліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, было весела, дружна, цікава. Кожны спяваў свае песні, расказваў пра свае традыцыі. Мяркую, што і цяпер нам нельга раздзяляцца, таму Год і Дзень народнага адзінства вельмі дарэчы. У Беларусь прыязджаюць госці з усяго свету, кожны з іх у нашай краіне адчувае сябе як дома. Гэту гасціннасць, гэтыя добрыя традыцыі абавязкова трэба захаваць.

Ірына СТЫРНІК         

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: