8 “макавых” пратаколаў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі раёна праводзілася спецыяльная праграма “Мак”.

У час яе супрацоўнікі міліцыі ажыццяўлялі маніторынг прыватнага сектара і падворкаў мясцовых жыхароў, правяралі, ці не растуць там наркаўтрымліваючыя расліны – мак і каноплі. Адначасова праваахоўнікі праводзілі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, скіраваныя на выяўленне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў.

Усяго ў рамках спецыяльнай праграмы “Мак” было выяўлена 14 фактаў вырастання наркаўтрымліваючых культур, агульная вага знішчанай “зялёнай сыравіны” склала больш за 618 кілаграмаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 8 грамадзян. Выяўлена 5 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Канфіскавана больш за 56 грамаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Так, супрацоўнікі дзятлаўскай міліцыі сумесна з інспектарамі міжраённай дзяржаўтаінспекцыі на дарозе Любча –Навагрудак – Дзятлава затрымалі жыхара Дзятлаўскага раёна, які ў машыне бацькі перавозіў больш за 1,8 грама небяспечных псіхатропных рэчываў. За супрацьпраўны ўчынак мужчыну пагражае крымінальная адказнасць, якая прадугледжвае абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў.

У час далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што да збыту псіхатропных рэчываў мае дачыненне раней судзімы за аналагічныя дзеянні ўраджэнец Дзятлава, цяпер жыхар горада Мінска. Мужчына заключаны пад варту, за ўчыненае ім крымінальнае злачынства прадугледжана пазбаўленне волі ад 6 да 15 гадоў са штрафам ці без.

Калі вам што-небудзь вядома пра асобаў, якія займаюцца вырошчваннем, захоўваннем, вырабам ці збытам наркатычных культур, іншых відаў наркотыкаў, іх прэкурсораў і аналагаў, паведаміце ў дзяжурную часць па тэлефоне 102 ці ў групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі па тэлефоне 2-14-34. Ананімнасць гарантуецца.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga