Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 26 ліпеня па 1 жніўня у аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паступіла 86 паведамленняў, 5 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 63 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 43 правапарушальнікі. Узбуджана 3 крымінальныя справы.

Грыбнік застаўся без веласіпеда

Пенсіянер з вёскі Змяёўцы паквапіўся на веласіпед грыбніка. Гаспадар транспартнага сродку пакінуў яго непрышпіленым без нагляду ў лесе, сам адправіўся на “ціхае паляванне”.

Без веласіпеда засталася і жыхарка Казлоўшчыны. Жанчына легкадумна пакінула яго амаль на суткі непрышпіленым паблізу дома. Зламыснік пакуль не знойдзены.

Па абодвух фактах крадзяжоў узбуджаны крымінальныя справы.

“Абчысцілі” дом

Пры наведванні на доўгі час пакінутых без нагляду дамоў гаспадары нярэдка выяўляюць выпадкі крадзяжоў. У вёсцы Лявонавічы праз незашклёны праём акна веранды невядомы пранік у дом і скраў пячныя чыгунныя дзверцы і варачныя панэлі, прычыніўшы шкоду на суму 210 рублёў. Гаспадыня, якой дом застаўся ў спадчыну, не прыязджала з вясны 2020 года. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Лом у незаконным абароце

За парушэнне парадку ўліку і захоўвання лому чорных металаў складзены адміністрацыйныя пратаколы на адказных асобаў трох сельскіх гаспадарак і аднаго прадпрыемства раёна.

29 ліпеня паблізу вёскі Галаўлі дзяржаўтаінспекцыяй затрымана аўтамашына пад кіраваннем індывідуальнага прадпрымальніка, жыхара райцэнтра, у кузаве якой выяўлена 2140 кілаграмаў лому чорнага металу без суправаджальных дакументаў.

П’юць і крадуць

Аграпрамысловы комплекс пастаянна знаходзіцца пад пільнай увагай міліцыі. Аднак страх быць пакаранымі за парушэнне закону ў многіх чамусьці адсутнічае. 28 ліпеня была затрымана аператар машыннага даення адной з сельскіх гаспадарак, якая скрала 13 кілаграмаў рапсавай мукі. На жанчыну складзены адміністрацыйны пратакол. Факты знаходжання на працоўным месцы ў нецвярозым стане фіксуюцца штотыднёва. На гэты раз чатыры жывёлаводы прайшлі асведчанне на ап’яненне са “станоўчым” вынікам.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga