Яны знайшлі сваё прызванне – лячыць людзей

Галоўнае Грамадства

Першыя крокі ў прафесіі сёння робяць тыя, хто яшчэ ўчора быў студэнтам.

Медыкі, якія нядаўна скончылі ўніверсітэты і каледжы, прыйшлі на першыя працоўныя месцы ў цэнтральную раённую бальніцу.

Сёлета на Дзятлаўшчыну размеркавана 20 маладых спецыялістаў: дактары агульнай практыкі, педыятр, доктар ультрагукавой дыягностыкі, а таксама медыцынскія сёстры, фельчары і памочнікі доктара-тэрапеўта. Папаўненне дапаможа ў вырашэнні кадравага пытання. Для многіх гэтыя сцены ўжо паспелі стаць роднымі: маладыя людзі праходзілі тут практыку. Немалаважна, што побач спагадлівыя калегі-настаўнікі, якія змогуць перадаць свой вопыт.

Маладыя медыкі расказваюць, як іх прынялі на Дзятлаўшчыне, дзеляцца ўражаннямі пра першыя працоўныя тыдні.

Алеся Якубчык, медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення:

– Прафесію я выбрала невыпадкова: мае бацькі медыкі, заўжды вельмі паважала іх працу. Сёлета прыйшла ў дзятлаўскую бальніцу па размеркаванні на пасаду паставой медыцынскай сястры ў тэрапеўтычнае аддзяленне. Двойчы праходзіла ў гэтым аддзяленні практыку, наладзіла стасункі з калектывам, таму вельмі хацела патрапіць сюды. Працую з задавальненнем: мне вельмі падабаецца выконваць медыцынскія маніпуляцыі. Радуе, што ў Дзятлаве бацькоўскі дом, таму не трэба думаць пра жыллё. У планах – працаваць у Дзятлаўскай ЦРБ і надалей, хацелася б застацца на сваім месцы або стаць працэдурнай медыцынскай сястрой.

Вольга Болбат, доктар агульнай практыкі:

– Я прыйшла ў медыцыну, бо хацела быць патрэбнай людзям. У мінулым годзе прыбыла ў Дзятлаўскую ЦРБ інтэрнам, сёлета атрымала свой доктарскі ўчастак. Перыяд успышкі каранавірусу не быў лёгкім для медыкаў, таму прайшла сапраўднае “баявое хрышчэнне”. На Дзятлаўшчыне сустрэла свайго мужа, ён мой калега – хірург, стварыла сям’ю, жывём разам з ім у арэнднай кватэры. У калектыве мяне прынялі адразу вельмі добра. Было крыху складана, бо шмат усяго новага ў працы, але я паступова вучуся, прымяняючы веды, атрыманыя ва ўніверсітэце. Цяпер толькі працаваць і расці прафесійна!

Віктар Канановіч, фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі:

– Медыцынай я мроіў яшчэ са школы, захапляўся мастацкімі фільмамі пра медыкаў, а пасля заканчэння школы падаў дакументы ў Слонімскі медыцынскі каледж, непадалёку ад маіх родных Ружан. Я прыехаў працаваць у Дзятлава на радзіму жонкі, якая тут – памочнік доктара-тэрапеўта. Мы атрымалі арэнднае жыллё, матэрыяльныя выплаты. На працы мне вельмі пашанцавала з калектывам: аддзяленне хуткай дапамогі – сапраўдная сям’я з маладым, прагрэсіўным і спагадлівым начальствам. Працую ў камандзе з вопытным фельчарам хуткай дапамогі, набіраюся вопыту. Дзятлаўскі раён для мяне ідэальны як першае месца працы: дастаткова спакойны, але не зусім маленькі, ёсць дзе паездзіць, чаму навучыцца.

Загадчыца раённай паліклінікі Алена Куцко дала высокую ацэнку рабоце маладых спецыялістаў, большасць з якіх да прыходу на першае месца працы праходзілі практыку ў Дзятлаве:

– У паліклініку прыйшлі працаваць сёлета два дактары агульнай практыкі і ўчастковы педыятр, а таксама памочнікі доктара. Магу сказаць на іх адрас толькі добрае. Нават у параўнанні з намі, вопытнымі дактарамі, яны больш упэўненыя, мэтанакіраваныя, умеюць адстойваць сваю пазіцыю, аргументуючы яе. Пры гэтым, яны вельмі старанныя, адказныя, цікаўныя і неабыякавыя. Нашы маладыя дактары – добрыя прафесіяналы, якія могуць працаваць нават у складаных умовах. Калі ў раёне была ўспышка захворвання на каранавірус, яны, будучы яшчэ інтэрнамі, працавалі нароўні з калегамі і ў інфекцыйным кабінеце, і ў выязных “кавідных” брыгадах, вялі надомны патранаж хворых. Несумненна, да нас прыйшла сапраўды дастойная маладая змена.

Са свайго боку адміністрацыя раённай бальніцы робіць усё, каб маладыя спецыялісты камфортна сябе адчувалі на працоўных месцах і “замацаваліся” тут. Маладыя медыкі былі забяспечаны жыллём, штомесяц атрымліваюць істотныя даплаты да заробку згодна з калектыўным дагаворам. А прафсаюз паклапоціцца, каб вольны час моладзі таксама быў яркім і насычаным.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: