Уладзімір Сіняк: “Ніколі не зразумею людзей, якія шкодзяць сваім землякам”

Галоўнае Улада

Дзятлаўшчыну наведаў з рабочым візітам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

Ён правёў прамую тэлефонную лінію. Пасля яе палітык выказаў сваё меркаванне на актуальныя тэмы грамадска-палітычнага становішча ў краіне, а таксама расказаў пра новыя законапраекты, якія сёння знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі.

– Актуальная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне, на маю думку, базуецца на простых прынцыпах чалавечнасці: жыві ў міры і разуменні, паважай сваю Радзіму і людзей, не рабі шкоды сваёй дзяржаве і яе грамадзянам. Аднак, на вялікі жаль, не ўсе пакуль могуць прыняць гэтыя базавыя неаспрэчныя ісціны. Я маю на ўвазе стваральнікаў незаконных тэлеграмканалаў, якія сёння заклікаюць да міжнацыянальнай розні і робяць захады да падрыву нацыянальнай эканомікі. Лічу жорсткую пазіцыю кіраўніка дзяржавы ў дачыненні да такіх рэсурсаў і іх стваральнікаў правільнай, справядлівай і своечасовай. Я і ўсе члены Парламента падтрымалі яе. Абсалютная большасць кантэнту ў такіх каналах – поўная хлусня, якую спрабуюць прадставіць людзям пад выглядам праўды. Я ніколі не зразумею людзей, якія выехалі за мяжу і, знаходзячыся там, настойваюць на ўвядзенні эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. Думаю, яны ўсведамляюць, што такімі ўчынкамі шкодзяць не Парламенту і Прэзідэнту, а ўсім беларусам, сваім землякам.

– Якія новыя законапраекты нам варта чакаць бліжэйшым часам?

– Сёння на разглядзе ў камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, у якой я працую, знаходзяцца тры законапраекты: праект змяненняў у Закон “Аб дарожным руху”, змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”, а таксама праект Закона “Аб ратыфікацыі Пратакола ўнясення змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фарміравання коштаў (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 года”, распрацоўкай якога я займаюся непасрэдна разам са сваёй камандай. Рыхтуючы кожны з законапраектаў да ўзгаднення, мы праводзім актыўную дыскусію, улічваем заўвагі экспертаў у гэтым напрамку. Для гэтага праводзім сустрэчы ў раёнах, у тым ліку, на Дзятлаўшчыне, каб меркаванне большасці (найперш, спецыялістаў у гэтых пытаннях з рэгіёнаў) было пачута на ўзроўні нашай краіны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga