Што кладзе ў ранцы школьнікам прафсаюз?

Важнае Грамадства

У межах акцыі “Прафсаюзы – дзецям” напярэдадні кожнага навучальнага года ў нашым раёне атрымліваюць дапамогу бацькі школьнікаў.

У Год народнага адзінства ў імкненні дапамагчы дзецям сваіх работнікаў аб’ядналіся прафсаюзныя арганізацыі і працадаўцы. Што з гэтага атрымалася, расказаў старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў Валерый Макарчык.

– Акцыя “Прафсаюзы – дзецям”, якая дзейнічае з 2002 года, накіравана на разнастайную дапамогу членам прафсаюзных арганізацый і іх дзецям. Асаблівая ўвага надаецца сем’ям, дзе ёсць першакласнікі, дзеці-інваліды, а таксама дзецям-сіротам і малазабяспечаным сем’ям.

– Дапамога аказваецца цэнтралізавана?

– Кожная прафсаюзная арганізацыя на месцах аказвае дапамогу да навучальнага года непасрэдна сваім работнікам. Нагодай становіцца зварот членаў прафсаюзнай арганізацыі або ліст са школы з просьбай аб падтрымцы. Мне вядома, што прафсаюзныя пярвічкі выдзяляюць грашовую дапамогу са сродкаў прафсаюза або наймальніка. Аднак сёлета адна з арганізацый раёна купіла дзецям сваіх работнікаў школьныя ранцы, якія напоўніла канцылярскімі прыладамі.

– Ці дапамагаеце сацыяльным дзіцячым установам раёна?

– Так, штогод наведваем Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і сацыяльна-педагагічны цэнтр, аказваем падтрымку прыёмным і апякунскім сем’ям. Тут прафсаюзы працуюць супольна з арганізацыямі-шэфамі, якія не пакідаюць сваіх падапечных без дапамогі. Стараемся падтрымаць кожную сям’ю нашага раёна, якая збірае сваіх дзяцей у школу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: