Прамяні душэўнай цеплыні

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Птушкай ляціць час.

Зусім нядаўна жыццё ляжала перад ёй, як чысты ліст паперы, калі ўсё было яшчэ наперадзе: прафесійны выбар, стварэнне сям’і, планы, мары, надзеі. А напачатку жніўня вопытны педагог Людміла Міхайлаўна Герасімовіч ужо адзначыла свой 60-гадовы юбілей.

Здаецца, яшчэ нядаўна яна скончыла інстытут замежных моў з чырвоным дыпломам і прыйшла працаваць у Яварскую сярэднюю школу настаўніцай нямецкай і англійскай моваў, была класным кіраўніком, бібліятэкарам, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. Дапамагалі ёй і словам, і справай вопытныя калегі Валянціна Іванаўна Халецкая, Алена Іванаўна Шомба, Людміла Міхайлаўна Буйко, Алена Аляксандраўна Бялятка. Яварская зямля стала для Людмілы Міхайлаўны другой радзімай: тут сустрэла свайго будучага мужа, нарадзіла сына, стала бабуляй. Яна выдатная гаспадыня, любячая жонка і клапатлівая маці.

Людміла Міхайлаўна цалкам аддавала сябе прафесіі. Яна добра ведала методыку выкладання англійскай мовы, пастаянна ўдасканальвала сваё майстэрства. Прыярытэтнымі напрамкамі ў сваёй працы Людміла Міхайлаўна лічыла ўласны прафесійны рост і павышэнне якасці навучання. Пастаянна займалася самаадукацыяй, старалася стварыць на ўроку моўнае асяроддзе, выпрацавала сістэму падрыхтоўкі да паспяховай здачы экзамену. Урокі Людмілы Міхайлаўны адрозніваліся глыбокай прадуманасцю і выразнасцю, лагічным пераходам ад аднаго задання да другога. Гэта дапамагала ёй падтрымліваць цікавасць дзяцей, іх актыўнасць і жаданне працаваць. Маючы багаты прафесійны і жыццёвы вопыт, Людміла Міхайлаўна Герасімовіч разумела, што ў ведах крыецца будучая самарэалізацыя яе вучняў, іх паспяховасць, але пры гэтым яны павінны заставацца сапраўднымі грамадзянамі сваёй дзяржавы, якія любяць свой край, сваю малую радзіму. Менавіта таму яе ўрокі былі ўрокамі сумленнасці, дабрыні, справядлівасці, памяркоўнасці і паважлівага стаўлення да культуры іншых народаў.

Яе старанні былі заўважаны і адзначаны, і ў 2003 годзе Людміла Міхайлаўна Герасімовіч была назначана дырэктарам Яварскай школы. На гэтай пасадзе яна адпрацавала 10 гадоў. За гэты час быў праведзены капітальны рамонт харчблока, перабудаваны этнаграфічны музей. Пасля рэарганізацыі школы выйшла на пенсію, але па магчымасці дапамагала выпускнікам падрыхтавацца і паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па англійскай мове. Ёсць вучні, якія і праз шмат гадоў з гонарам паўтараюць, што, дзякуючы Людміле Міхайлаўне, годна вытрымалі жыццёвы экзамен на чалавечнасць.

Наталля БЛОЦКАЯ,
член прафкама Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga