Першыя ўпэўненыя крокі

Важнае Грамадства

Напэўна, кожны малады спецыяліст адчувае моцнае хваляванне, накіроўваючыся на сваё першае працоўнае месца.

Выхавальніца ясляў-сада № 1 горада Дзятлава не перажывала на гэты конт, бо прыходзіла пасля атрымання дыплома працаваць у знаёмы добразычлівы калектыў, дзе паспела добра зарэкамендаваць сябе.

Педагогам Вікторыя Валер’еўна Орсік марыла быць яшчэ з таго часу, як сама вучылася ў пачатковай школе. Добрым прыкладам для яе стала першая настаўніца Наталля Варган.

– Для сябе я вырашыла, што хачу займацца з дашкольнікамі, і паступіла ў Ваўкавыскі педагагічны каледж. На трэцім, выпускным курсе, вырашыла падмацаваць веды практыкай, прыйшла працаваць у садок у родным Дзятлаве, – расказвае дзяўчына.

Дзякуючы вопыту, атрыманаму на першым працоўным месцы, выпускніца здала дзяржаўныя экзамены на вышэйшы бал, атрымала дыплом з адзнакай. І вярнулася ў калектыў, дзе маладую ініцыятыўную калегу ўжо чакалі.

Кіраўніцтва ясляў-сада аказала давер маладому спецыялісту: Вікторыя стала выхавальніцай у групе для дзяцей з парушэннямі вымаўлення, якая летась упершыню адкрылася на базе навучальнай установы. Разам з ёю сюды прыйшлі працаваць таксама навічкі – памочнік выхавальніка і лагапед. Былі першапраходцамі, атрымліваючы каласальны вопыт і першымі ствараючы сістэму работы ў спецыяльнай групе. Каманда справілася на “выдатна”, наладзіўшы педагагічны працэс, заявіла пра сябе ўдзелам, а таксама перамогамі ў конкурсах і канферэнцыях.

– У нашай групе ўсё адметнае, цікавае для развіцця і самаўдасканалення, – натхнёна расказвае малады спецыяліст пра сваю работу. – Групу наведваюць усяго 14 дзетак, але кожны з іх патрабуе асаблівай увагі. На занятках увесь час вядзём дыялог з выхаванцамі, шмат увагі надаём развіццю дробнай маторыкі: увесь час нешта складваем, майструем, фантазіруем. Я нават навучылася прыдумваць казкі, пацешкі экспромтам.

Пастаянна самаразвівацца і не баяцца кінуць выклік сабе – прафесійнае крэда маладога педагога. Шмат вольнага часу яна прысвячае прагляду вебінараў вядучых педагогаў Беларусі і Расіі, чытанню спецыяльнай літаратуры. Разам з выхаванцамі і іх бацькамі яна паспяхова паўдзельнічала ў конкурсе ад ратаўнікоў, прысвечаным бяспецы жыцця, рэалізавала на базе ясляў-сада свой першы праект “Я і здароўе”. Акрамя таго, Вікторыя Валер’еўна стала дыпламантам міжнароднага конкурсу “Майстэрства без межаў” сярод педагогаў дашкольнай адукацыі краін СНД.

– Мне вельмі падабаецца знаходзіцца тут, у гэтым калектыве, начальства і калегі па працы спагадлівыя, добразычлівыя. А тое, што мне даверылі працу ў новай групе, адказна і прыемна адначасова. Здаецца, я не падвяла навучальную ўстанову, – кажа дзяўчына.

Наперадзе ў Вікторыі Орсік – шмат планаў і цікавых праектаў, усе яны адназначна – у дашкольнай педагогіцы. Праз месяц у спецгрупе снончацца летнія канікулы, трэба будзе інтэнсіўна ўваходзіць у адукацыйны працэс. А там – і першая сесія ва ўніверсітэце не за гарамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: