Нашчадкі павінны ведаць праўду

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У гарпасёлку Наваельня пачаліся пошукавыя работы, звязаныя з расследаваннем фактаў генацыду мірнага насельніцтва.

Яшчэ ў красавіку генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

– Усе жывыя, хто вінаваты ў генацыдзе, павінны панесці заслужанае пакаранне, – адзначыў генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед у каментарыі журналістам. – Імёны памерлых ваенных злачынцаў павінны быць агучаны. У межах крымінальнай справы пракуратура рэалізуе паўнамоцтвы, прадугледжаныя пагадненнямі аб аказанні міжнародна-прававой дапамогі, у тым ліку па вышуку, допыту і магчымай выдачы абвінавачаных. Будзе праведзена мноства экспертных даследаванняў, звязаных з выяўленнем масавых пахаванняў, прадоўжацца мерапрыемствы па высвятленні жывых сведкаў генацыду, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, увекавечанні памяці загінулых.

На Дзятлаўшчыне таксама ўстаноўлены факты масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны. Адно з іх знаходзіцца ў гарпасёлку Наваельня, дзе ў ваенныя гады, верагодна, загінулі ад 500 да 800 чалавек.

Як заўважыў вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні раённага ваеннага камісарыята Валянцін Абухаў, інфармацыя пра масавыя расстрэлы ў Наваельні з’явілася ў камісарыяце на пачатку 2000-х гадоў, з гэтага часу вёўся збор матэрыялу і спробы знайсці месца трагедыі. Дапамаглі звесткі, прадастаўленыя ваеннаму камісарыяту настаўніцай гісторыі Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамарай Крывеня, па якіх былі знойдзены відавочцы трагедыі з мясцовых жыхароў. На аснове іх сведчанняў было дакладна ўстаноўлена месца расстрэлаў.

Першапачаткова раскопкі праводзіліся ў 2004 годзе, але былі прыпынены з-за тэхнічных складанасцяў, аднак збор інфармацыі прадоўжыўся. Знойдзеныя ў архівах пратаколы допытаў злачынцаў пацвердзілі факты масавых расстрэлаў у Наваельні мірных жыхароў, падпольшчыкаў і партызан.

Сёлета пошукавыя работы, звязаныя з расследаваннем фактаў генацыду мірнага насельніцтва, аднавіліся.

– У ходзе расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па артыкуле 127 Крымінальнага кодэкса па фактах здзяйснення нацысцкімі злачынцамі, іх пасобнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў і ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў генацыду, з 10 жніўня ў гарадскім пасёлку Наваельня ў раёне льноэкспартнай базы праводзяцца раскопкі з мэтай устанаўлення малавывучанага факта расстрэлу мірных жыхароў у час акупацыі, – адзначыў пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка.

Работы на месцы здарэння распачала першая спецыялізаваная пошукавая рота 52-а спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад камандаваннем старшага лейтэнанта Сяргея Мырзы. Найперш будуць выдзелены межы меркаванага пахавання. Па факце крымінальнай справы будуць працаваць прадстаўнікі пракуратуры і следчага камітэта раёна.

На месца прыбыў намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат, які пазнаёміўся з ходам работ і абмеркаваў далейшыя перспектывы. Намеснік пракурора патлумачыў асаблівую для беларусаў значнасць такіх расследаванняў:

– Сёння мы высвятляем раней невядомыя месцы знішчэння мірнага насельніцтва і зверстваў фашыстаў. У Гродзенскай вобласці створана група каля ста чалавек, якая займаецца пошукам архіўных матэрыялаў, іх аналізам і правядзеннем следчых дзеянняў. Ужо выяўлена 80 раней невядомых месцаў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, па кожным факце вядзецца расследаванне. Работу будзем весці не адзін месяц, каб у выніку атрымаць праўду аб падзеях ваенных гадоў. Я ўпэўнены, што гэтыя матэрыялы будуць выкарыстоўвацца ў карэкціроўцы беларускіх вучэбных праграм і для таго, каб паставіць перад шэрагам еўрапейскіх дзяржаў пытанне кампенсацыі матэрыяльных стратаў, якія панесла наша краіна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах Андрэя Мікалаевіча, карныя аперацыі, распрацаваныя фашыстамі, істотна закранулі і тэрыторыю Дзятлаўскага раёна, аб чым сведчаць архіўныя матэрыялы. Згодна з імі, на месцы расследавання фашысты разам з паліцаямі-калабарантамі сістэматычна і з асаблівай жорсткасцю праводзілі расстрэлы мірнага насельніцтва. Асноўная задача пошукаў – лакалізаваць месца расстрэлаў і высветліць колькасць загінулых тут людзей.

Газета “Перамога” прадоўжыць сачыць за ходам расследавання.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: