Хто ладзіць – у таго і праца кіпіць

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Усё можна пераадолець і здзейсніць, калі працаваць у адной камандзе.

Сапраўднае народнае адзінства на практыцы паказвае калектыў ДРБУ № 119, які размяшчаецца ў двух суседніх раёнах, але ўмее разам працаваць, адпачываць і сябраваць.

У 2015 годзе межы Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення істотна пашырыліся: да іх далучыўся Слонімскі вытворчы ўчастак, а калектыў павялічыўся на трэць, склаўшы каля 120 чалавек.

– З гэтага часу для мяне не існуе паняцця “Дзятлава” і “Слонім”, ёсць адзіны дружны калектыў ДРБУ № 119, – кажа кіраўнік упраўлення Дзмітрый Мазоль.

Слонімскі вытворчы ўчастак, які далучыўся да дзятлаўскага, узначаліў Віталь Балтрушка, які да гэтага працаваў тут галоўным інжынерам. Разам з Дзмітрыем Мікалаевічам яны вырашаюць працоўныя задачы, плённа супрацоўнічаюць.

За шэсць гадоў не проста суседства, а зладжанай работы ў адной камандзе дарожнікі двух раёнаў, але адной арганізацыі паспелі разам рэалізаваць не адзін праект. Зусім нядаўна яны завяршылі бягучы рамонт дарогі Задвор’е – Хадзявічы – Ганькі на Слонімшчыне, а ўжо цяпер працуюць у Дзятлаве, выконваюць рэканструкцыю дваровай тэрыторыі ў мікрараёне па вуліцы Перамогі. Кіруе работамі майстар слонімскага вытворчага ўчастка Ігар Паўленка.

У верасні будзе два гады, як ён прыйшоў у дарожную галіну. У нашу вобласць пераехаў з Мазыра, уладкаваўся тут на сумежную спецыяльнасць. У ДРБУ № 119 яму усё па душы, бо калегі добразычлівыя і работа знаёмая.

– Калектыў дружны, зладжаны, мяне тут прынялі вельмі добра, – дзеліцца ўражаннямі спецыяліст. – Самае меншае раз на месяц бываю ў Дзятлаве са справаздачай, заўжды прыемна сюды заязджаць, бо людзі тут добрыя. Сёлета ўпершыню давялося папрацаваць у Дзятлаве, цікавы новы вопыт у прыемным горадзе. Разам зробім прыгожы і зручны двор для мясцовых жыхароў.

Прыступаючы да работ, Ігар Аляксеевіч даведаўся з характарыстыкі аб’екта, што многія дамы тут будаваліся больш за сорак гадоў таму, дваровая тэрыторыя была добраўпарадкавана яшчэ ў тыя часы і сапраўды патрабавала рамонту. Сёння тут кіпіць работа: шчыруюць дарожнікі Дзятлаўскага, Слонімскага і нават Зэльвенскага раёнаў, якія далучыліся да сваіх калег, побач з імі – работнікі мясцовага жылкамунгаса. У цяперашні час ідзе закладка асфальту на адным з участкаў і падрыхтоўка да выкладвання тратуарнай пліткі і бардзюраў. Па словах майстра, двор мае быць прыгожым, тут, акрамя зручных дарожак і тратуараў з’явяцца новыя архітэктурныя формы. Работы плануецца завяршыць да верасня.

Тое, што калектыў ДРБУ № 119 – адна дружная каманда, дарожнікі даказалі неаднойчы, тры гады запар трымаючы лідарства ў галіновым турыстычным злёце па вобласці. У зборнай упраўлення выступаюць спартсмены з абодвух раёнаў, якіх падтрымлівае ўвесь вялікі калектыў арганізацыі. Для амтараў рыбнай лоўлі ўжо двойчы была арганізавана карпаратыўная рыбалка, якая праходзіла на тэрыторыі Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў.

– Прафсаюз у нас адзін, аднак у Слонімскім вытворчым участку працуе свая прафгрупа, з якой мы заўжды ў цесным кантакце, – расказвае прафсаюзны лідар ДРБУ № 119 Лілія Бельская. – Калі трэба павіншаваць работніка з юбілеем – едзем туды з кветкамі ўсе разам, аказаць матэрыяльную дапамогу – таксама прадастаўляем аднолькавыя ўмовы для дзятлаўскіх і слонімскіх калег. Стараемся і адпачываць разам, тым больш, што сродкі для гэтай мэты закладзены ў прафсаюзным бюджэце. Як дыспетчар, практычна штодня сустракаюся са слонімскімі калегамі, ужо ўсе сталі, як свае.

Нядаўна экскурсійная група ДРБУ № 119 наведала парк-музей інтэрактыўнай гісторыі ў Суле, а таксама храмы ў вёсачках паблізу. У паездку слонімцы і дзятлаўчане збіраліся загадзя.

– Прыемна было адпачыць у кампаніі калег са Слонімшчыны, – дзеліцца ўражаннямі ад паездкі інспектар па кадрах ДРБУ № 119 Тамара Сівіцкая. – Ужо шэсць гадоў мы разам, у арганізацыі працуюць спецыялісты, якія ведаюць сваю справу, таму ў рабоце непаразуменняў не ўзнікае, а бавіць сумесна вольны час тым больш прыемна. Атрымалі сапраўдную асалоду ад паездкі, убачылі работы народных майстроў, падзівіліся на незвычайны храм у Рубяжэвічах. Нават не ведала, што такая прыжосць ёсць у Беларусі.

Сёлета дарожнікі плануюць разам наведаць яшчэ адну экскурсію. На гэты раз маршрут выберуць работнікі слонімскага вытворчага ўчастка.

На наступны год у калектыве ДРБУ № 119 плануецца “папаўненне”: прыбудзе на працу малады перспектыўны інжынер Кацярына Пракаповіч, якая другі год запар праходзіць практыку ў арганізацыі, паспела папрацаваць у абодвух раёнах. На якім з іх спыніць свой выбар у якасці першага месца працы, дзяўчына вырашыць пасля атрымання дыплома.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара і з прафсаюзнага архіва ДРБУ № 119

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: