Дзмітрый Лакіза: “Гэта будзе паражэннем для дэструктыўных сіл”

Галоўнае Грамадства

У час “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”, якая адбылася ў Мінску 9 жніўня, не абышлося без вострых тэм, якія сёння хвалююць грамадскасць.

Аб іх нагадаў у ходзе Адзінага дня інфармавання насельніцтва ў Дзятлаве начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза:

– Я ўважліва глядзеў “Вялікую размову з Прэзідэнтам”, у час якой былі закрануты ўсе аспекты жыцця ў нашай краіне. Разгорнутыя адказы кіраўніка дзяржавы на адрасаваныя яму пытанні было важна пачуць не толькі прысутным на сустрэчы, але і ўсім грамадзянам Беларусі. Разам мы яшчэ раз прааналізавалі падзеі мінулага года. Тое, якую абстаноўку сёння мы бачым вакол нашай краіны, што адбываецца ўнутры яе, прыводзіць да высновы: разам мы справіліся, выстаялі ў мінулым годзе, і гэта вялікая справа. Зразумела, што ўсе нападкі, скіраваныя на нашу краіну, маюць празаічную мэту: зламаць тое, што будавалася ў Беларусі гадамі, і прынесці нешта сваё. Бо інтарэсы магутных полюсаў сіл заўжды звязаны з эканамічнымі катэгорыямі: падарваць нашу эканоміку, атрымаць дзевяць з паловай мільёнаў новых спажыўцоў іх прадукцыі або рабочую сілу на тых умовах, якія нам будуць дыктаваць. Пры гэтым, такіх людзей хвалюем не мы з нашымі паўсядзённымі клопатамі і праблемамі, а тэрыторыя ў цэнтры Еўропы і сферы эканамічнага ўплыву.

Я рады, што Беларусь адстаяла магчымасць ісці сваім шляхам, захаваць незалежнасць і сваю пазіцыю ў свеце, нарэшце, пакінуць мірную зямлю пад чыстым небам нашым дзецям, каб потым не трэба было апраўдвацца перад імі.

Спадзяюся, што пасля “Вялікай размовы” людзей, якія выступалі супраць або сумняваліся, стане менш, што ў выніку мы ўсе прыйдзем да сапраўднага народнага адзінства. Гэта будзе найвялікшым паражэннем для дэструктыўных сіл, нацэленых на нашу родную краіну.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga