Ад далейшага развіцця эканомікі, прамысловасці залежыць бюджэт раёна

Важнае Улада

Час ляціць імкліва.

Здавалася б, яшчэ толькі ўчора вызначалі задачы на бягучы год, акцэнтавалі ўвагу на магчымасцях і рэзервах іх выканання, а ўжо прамінула больш за паўгода. Рубеж важны і ў пэўным сэнсе вызначальны.

– Асноўныя паказчыкі па развіцці раёна выкананы, сярод якіх немалаважныя: вытворчасць прадукцыі прамысловасці, намінальная налічаная заработная плата, рознічны таваразварот, аб’ём будаўніча-мантажных работ, прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал, – пачаў пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта па падвядзенні вынікаў першага паўгоддзя бягучага года старшыня Андрэй Садоўскі. – У нас не выкананы два паказчыкі: вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (99 % пры заданні 102,3 %) і пасажыразварот (71,4 % пры прагнозным паказчыку 74,6 %). На гэта ёсць важкія прычыны.

Усе гэтыя прычыны былі дэталёва разгледжаны на пасяджэнні.

Кропкі зніжэння і росту

Як адзначыў у справаздачы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко, дапушчана зніжэнне па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і не выкананы паказчык па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах за студзень-чэрвень 2021 года ў КСУП “Войневічы” (дырэктар С. Францішчык) – 96 %, ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар С. Мазур) – 97,5 %.

Забяспечаны рост вытворчасці валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах, але заданне па тэмпе росту валавой прадукцыі не выканана ў КСУП “Дварэц-Агра” (дырэктар В. Царык) – 102,5 % пры заданні 104,9 % і КСУП “Жукоўшчына” (дырэктар А. Кугейка) – 102,2 % пры заданні 102,6 %.

Кожны з кіраўнікоў гаспадарак быў заслуханы, старшыня райвыканкама запатрабаваў ад іх дэтальны аналіз і планы выхаду з праблемнай сітуацыі.

– Ёсць магчымасці ў нашых гаспадарак выканаць планавыя паказчыкі да канца года. Бачу неабыякавасць кіраўнікоў. Важна сканцэнтраваць увагу на вытворчасці малака, нарыхтоўцы кармоў і зерня, утрымліваць правільны баланс, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за студзень-чэрвень 2021 года (па звестках прадпрыемстваў) склаў 102,7 %.

Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па індэксу фізічнага аб’ёму ААТ “Дварэцкі льнозавод” (121,9 % пры плане 105,8 %), ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”(113,1 % пры плане 100,0 %).

Зніжэнне аб’ёмаў вырабленай прадукцыі ў Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” адбылося ў сувязі з невыкананнем сельскагаспадарчымі арганізацыямі дамоваў кантрактацыі малака. ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” не выйшаў на прагнозны паказчык з-за зношанасці абсталявання і частых прыпынкаў на рамонт, а ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” – па прычыне зруху тэрмінаў фінансавання дзяржаўных праграм развіцця сельскай гаспадаркі.

Гандаль, будаўніцтва і інвестыцыі

За студзень-чэрвень 2021 года аб’ём рознічнага таваразвароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі па раёне склаў 37,6 мільёна рублёў або 102,0 % у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года. Па Дзятлаўскім раёне прыцягнута 24 042 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал – тэмп росту складае 105,9 %.

Рост аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ за першае паўгоддзе 2021 года па раёне чакаецца ў лічбе 178,6 %.

Сацыяльны вектар

Установамі аховы здароўя і аддзелам адукацыі райвыканкама выкананы ўсе сацыяльныя і мінімальныя стандарты.

Па пазабюджэтнай дзейнасці таксама пытанняў няма – сацыяльная сфера выконвае пастаўленыя задачы.

Таксама забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў па ўдзельнай вазе працаўладкаваных грамадзян, па арганізацыі навучання беспрацоўных “пад заказ” наймальніка. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021-2025 гады” аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і вакансіі 198 грамадзян.

Бюджэт

У бюджэт раёна за справаздачны перыяд паступіла 12 015,4 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў, забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 46,7 %.

Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку з фізічных асобаў, падатку на дабаўленую вартасць, падатку на ўласнасць і прыбытак.

Як адзначыла намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Урбановіч, адной з крыніц непадатковых плацяжоў з’яўляюцца даходы, якія паступаюць за кошт кампенсацыі выдаткаў дзяржавы, такіх у бюджэт раёна паступіла 596,4 тысячы рублёў (тэмп росту да ўзроўню аналагічнага перыяду 2020 года склаў 108,8 %).

Дывідэнды па акцыях і даходы ад пералічэння часткі прыбытку ўнітарных прадпрыемстваў склалі 153,6 % да ўзроўню леташніх паказчыкаў.

Прыватызацыя жылых памяшканняў і продаж арганізацыямі ў працэсе гаспадарчай дзейнасці маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, прынеслі ў бюджэт 58,4 тысячы рублёў. Паступленні ад здачы ў арэнду зямельных участкаў і продажу іх у прыватную ўласнасць склалі 26,6 тысячы рублёў.

У эканамічнай структуры выдаткаў бюджэту за першае паўгоддзе 2021 года 91,2 % прыпадае на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў (заработная плата, лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначэння, прадукты харчавання, камунальныя

паслугі, субсідыі). Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў выдатках бюджэту займаюць выдаткі на сацыяльную сферу.

– Аднак, сродкі затрачваюцца не толькі на ўтрыманне сацыяльных аб’ектаў, але і, напрыклад, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, на рамонты школ раёна. За бюджэтныя сродкі выконваецца і сам рамонт дваровых тэрыторый, бальніцы і іншых важных і неабходных дзятлаўчанам аб’ектаў, – дадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Па кожным з пытанняў пасяджэння прыняты рашэнні.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga 



Теги: