Замест балота будзе ніва

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ёсць на Дзятлаўшчыне мясціны, дзе нячаста ступае нага чалавека.

Аднак і тут працуюць меліяратары, ствараючы чарговы сельскагаспадарчы цуд. Нават не верыцца, што паблізу Парэчча, на месцы балота, зарасніку хмызнякоў і дрэваў ужо наступным летам будзе ўрадлівая ніва.

Дабрацца на аб’ект не так проста, туды не кожная тэхніка праедзе. Меліяратараў дастаўляе на працу спецмашына ГАЗ-3309, за рулём якой – вопытны вадзіцель Аляксандр Карнелік.

Кіруе меліярацыйнымі работамі і кантралюе працэс майстар Дзятлаўскага ПМС з саракагадовым стажам Мікалай Магуйла.

– Працуем над рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм, на наступны год здадзім аб’ект заказчыку, згодна з дагаворам, гэта 150 гектараў сельскагаспадарчых земляў у Парэччы, Чырвоным Бары і Яблыньцы для КСУП “Хвінявічы”, – агучвае планы спецыяліст. – Часу дастаткова, але і аб’ём сур’ёзны.

Няма сумневу, што на аб’екце ўсё будзе выканана своечасова і ў поўным аб’ёме: за гады працы ў меліярацыі Мікалай Пятровіч прывык усё рабіць на “выдатна”. Нездарма заслужаны работнік быў адзначаны найвышэйшай узнагародай галіны – нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар”.

У далёкім 1981 годзе Мікалай Магуйла прыйшоў у Дзятлаўскае ПМС з дыпломам Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума, пачынаў працаваць майстрам меліярацыйнага аб’екта. За дзесяцігоддзі работы ў меліярацыі раёна мужчына праявіў сябе як сапраўдны прафесіянал, прынцыповы, скрупулёзны, настойлівы. У яго біяграфіі – праца прарабам, галоўным інжынерам, у час якой ён паказаў сябе ініцыятыўным кіраўніком і эрудыраваным спецыялістам, які граматна і ўмела вырашаў надзённыя пытанні прадпрыемства. Пад яго кіраўніцтвам вяліся работы на самых значных меліярацыйных аб’ектах нашай вобласці, у тым ліку – рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, добраўпарадкаванне тэрыторыі Мірскага замка, Нёманскай ГЭС.

Вопытны меліяратар ужо на заслужаным адпачынку, але не пакідае працу, адчувае ў сабе досыць сіл і энергіі, каб рэалізаваць яшчэ не адзін праект.

– Не можа не падабацца праца на свежым паветры, побач з прыродай, тым больш, любімая справа, – кажа Мікалай Пятровіч.

Ён расказвае, што ў мясцоваці, дзе працуюць меліяратары, можна сустрэць самых розных прадстаўнікоў фаўны нашага раёна, нават зуброў, якіх некалькі гадоў таму прывезлі на Дзятлаўшчыну і пасялілі ў дзікіх умовах. Сёння волаты пушчы не баяцца і нават падыходзяць зусім блізка да людзей.

Мікалай Магуйла з ліку тых, хто з задавальненнем ідзе на працу і з радасцю вяртаецца дамоў. Адпачываць любіць у сямейным коле, разам з дзецьмі і ўнукамі.

У камандзе Мікалая Пятровіча ёсць шмат вопытных работнікаў. Сярод іх машыніст экскаватара Уладзімір Скрундзь, які працуе ў Дзятлаўскім ПМС ужо два дзесяцігоддзі. Ён пачынаў тут памочнікам машыніста яшчэ ў тую пару, калі ў арсенале прадпрыемства былі экскаватары старых мадэляў на тросах. Праз некаторы час адкрыў катэгорыю, прайшоў курсы і сам стаў машыністам. На сваім сучасным экскаватары ён паспеў папрацаваць на меліярацыйных і будаўнічых аб’ектах па ўсёй Гродзенскай вобласці. Вярнуўшыся дадому пасля спякотнага працоўнага дня, мужчына займаецца работай на прысядзібным участку разам са сваімі роднымі.

Сяргей Міснік, як ён сам кажа, адзіны на сёння бензапільшчык у Дзятлаўскім ПМС. Прафесійны вопыт набываў у раённым лясгасе і ўжо амаль дзесяць гадоў працуе тут. Ён адзін з першых “прыходзіць” на меліярацыйны аб’ект, работу сваю ведае і любіць.

Машыніст бульдозера Валерый Кавальчук на “ты” з цяжкагрузнай тэхнікай. Ён працаваў механізатарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, а цяпер – у меліярацыі.

На аб’екце ў Парэччы мужчына займаецца карчаваннем кустоўя з дапамогай спецыяльнага абсталявання на бульдозеры. Працуе старанна, з энтузіязмам, у вольны ад работы час, як і яго калегі, вядзе хатнюю гаспадарку.

Па словах Мікалая Магуйлы, ужо хутка меліяратары, якія пачыналі работы на аб’екце, перададуць эстафету сваім калегам, тут спатрэбіцца іншая тэхніка і спецыялісты. Такім чынам, вялікая каманда Дзятлаўскага ПМС працуе разам як адзін зладжаны механізм на стабільна высокі вынік.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga