Валерый Макарчык: “Усе мы разумеем, для чаго гэта зроблена”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На чарговы “пакет” санкцый, уведзеных супраць Беларусі краінамі Захаду, нашы суайчыннікі адрэагавалі актыўна.

У інтэрнэце быў запушчаны флэшмоб з відэазваротамі. Галоўная думка ролікаў – спыніць беспрэцэдэнтны ціск і дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да беларускага народа.

Толькі на Дзятлаўшчыне больш за 50 чалавек з пярвічных прафсаюзных арганізацый прыслалі свае відэавыказванні. Падтрымалі флэшмоб і іншыя актыўныя дзятлаўчане.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык зазначае:

– Людзі сочаць за палітычнай сітуацыяй, маюць сваё меркаванне, у некаторых яно набалелае. Беларусы выказваюць цвёрдае “не” санкцыйнай палітыцы і патрабуюць яе адмены.

Усе мы разумеем, для чаго санкцыі былі ўведзены: і каб заняць нашы рынкі, на якіх беларускія прадпрыемствы трывала ўмацаваліся, і каб “выштурхнуць” адтуль сур’ёзнага канкурэнта па пастаўцы ўгнаенняў – наш “Беларуськалій”, і каб аслабіць беларускую эканоміку і многае-многае іншае.

Заходніх палітыкаў не хвалюе, што ад падобных дзеянняў у першую чаргу будуць пакутаваць простыя беларусы. Таму актывісты прафсаюзнага руху лічаць сваім грамадзянскім абавязкам, як патрыёты Беларусі, з дапамогай відэавыказванняў паўдзельнічаць у абароне правоў сваіх суайчыннікаў.

Большасць ролікаў можна знайсці ў сацыяльных сетках “Аднакласнікі”, “Фэйсбук”, “ВКонтакте” і на сайце Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Гэта не аднаразовая акцыя, флэшмоб прадаўжаецца, і калі чытачы пажадаюць выказаць сваё меркаванне, калі ласка, запісвайце відэа або запрашайце ў пярвічкі мяне. Я зраблю відэазапісы. Ролікі акумулююцца ў адзінай базе і будуць знаходзіцца ў Федэрацыі прафсаюзаў у Мінску.

Чаму прафсаюзы Беларусі так актыўна адрэагавалі на санкцыі? Галоўны кірунак нашай работы – абарона працоўных інтарэсаў грамадзян. Санкцыі напрамую іх прыгнятаюць. Таму Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выйшла на пярэдні план і працуе над тым, каб “дастукацца” да еўрапейскіх чыноўнікаў, каб яны ўбачылі, колькі грамадзян у Рэспубліцы Беларусь асуджаюць накладзеныя на яе абмежаванні і патрабуюць іх адмены.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga