У райвыканкаме. Работы дзятлаўчанам дадала стыхія

Важнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы наступстваў ад разгулу стыхіі, бяспекі жыццядзейнасці, аховы правапарадку, вакцынацыі, ходу сельскагаспадарчых работ, іншыя.

Стыхія разгулялася

Моцныя дажджы размылі некаторыя дарогі на Дзятлаўшчыне. Каля вёсак Русакі, Салавічы, Літаварцы над аднаўленнем дарожнага пакрыцця працуе тэхніка. Паралельна ідзе планавы капітальны рамонт з укладкай асфальту на ўчастку дарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная праз Дварэц. Працуюць дарожнікі і ў іншых кутках раёна: на дарозе ад рэспубліканскай трасы да аграгарадка Гезгалы ўмацоўваюць абочыну. Таксама ажыццяўляецца ўстаноўка новых дарожных знакаў.

Ратаўнікі дапамаглі грыбніку

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні ратаўнікі выязджалі на ліквідацыю наступстваў стыхіі: з жылога дома ў аграгарадку Раклевічы давялося адпампоўваць ваду. Адбылося падтапленне ўчасткаў і падзенне дрэва ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Сіноптыкі і надалей прагназуюць дажджы, таму адказныя службы будуць трымаць сітуацыю на кантролі.

Паколькі надвор’е чакаецца яшчэ і спякотнае, увага будзе звяртацца на адпачынак каля вады. Купацца ў нашым раёне дазволена на пляжах горада Дзятлава і санаторыя “Радон”, на астатніх водных аб’ектах – забаронена.

Таксама Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні адбыўся пажар у вёсцы Гута, а ў лясным масіве каля Клішавічаў у дрыгву праваліўся грыбнік з Лідчыны. Мужчыну пашчасціла, што з сабою ён меў тэлефон, па якім выклікаў на дапамогу супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС.

Раён актыўна рыхтуецца да жніва, таму ратаўнікі праводзяць інструктажы ў гаспадарках, каб людзі былі гатовыя да нестандартных сітуацый, а тэхніка абсталявана сродкамі пажаратушэння.

Святы пакінулі добрыя ўражанні

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў высокі ўзровень арганізацыі ўрачыстасцяў да Дня Незалежнасці, падзякаваў усім, хто займаўся іх падрыхтоўкай і забеспячэннем парадку. Цікавымі назваў праекты аддзела адукацыі, сярод якіх узгадаў музейныя – сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Новаяльнянскай сярэдняй школы, спадабаліся і выставы прамысловых прадпрыемстваў. Наперадзе дзятлаўчан чакае яшчэ адна ўрачыстасць – святкаванне Дня вызвалення горада.

Якія здарэнні зарэгістраваны ў раёне?

Начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль расказаў, што Дзень Незалежнасці на Дзятлаўшчыне прайшоў спакойна.

На мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі выязджалі па паведамленні работніка санаторыя “Радон”, дзе грамадскі парадак парушылі і аказалі актыўнае супраціўленне міліцыі адпачывальнікі з Навагрудчыны, усе яны затрыманы. Таксама ў раёне былі зарэгістраваны і раскрыты некалькі крадзяжоў у прыватным сектары. Паступала ў міліцыю інфармацыя аб завозе на тэрыторыю Дзятлаўшчыны наркотыкаў, устаноўлены два выпадкі з удзелам жыхароў Брэсцкай і Мінскай абласцей.

Спыніўся Аляксандр Біль на рэзанансным здарэнні: па месцы жыхарства на вуліцы Навагрудскай мёртвым знойдзены беспрацоўны дзятлаўчанін. Праводзяцца следчыя дзеянні, высвятляецца прычына яго смерці.

Кіраўнік раённай міліцыі зазначыў, што праваахоўнікі і надалей будуць скіроўваць пільную ўвагу на забеспячэнне парадку ў месцах масавага знаходжання грамадзян.

Лепш прышчапіцца

Як на Дзятлаўшчыне ідзе вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі, расказала галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. Яна паведаміла, што прышчапілася 9 % насельніцтва раёна, эпідэміёлагі прадаўжаюць свае выступленні ў працоўных калектывах. Станоўча Алена Шайбак адзначыла калектыў Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзе вакцынаваліся амаль усе работнікі. Акцэнтавала ўвагу і на тым, што, на жаль, не ўсе дзятлаўчане носяць маскі пры наведванні магазінаў і іншых грамадскіх установаў, хаця гэта абавязкова. Сочаць эпідэміёлагі і за падтрыманнем парадку і абкошваннем травы: на адказных асобаў арганізацый на мінулым тыдні складзена 6 пратаколаў.

Нарыхтоўваюць кармы, рыхтуюцца да жніва

Кіраўнік раёна адзначыў, што сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны знізілі тэмпы па нарыхтоўцы кармоў, асабліва гэта заўважна ў ААТ “Граніт-Агра”, КСУПах “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”, станоўчая сітуацыя ў сельгасфіліяле “АграМілк”. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка паабяцаў, што працэс паскорыцца. Паралельна аграрыі вядуць падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі, прыступіць да яе плануюць у апошняй дэкадзе ліпеня. На гэтым тыдні мяркуецца правесці праверку гатоўнасці ўборачнай тэхнікі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga