У райвыканкаме. Летнія клопаты раённых службаў

Важнае Свежыя навіны Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркавалі тэмы бяспекі жыццядзейнасці, аховы правапарадку, ходу сельскагаспадарчых работ, будаўніцтва, іншыя.

Увага: спякотнае надвор’е

На мінулым тыдні ратаўнікі выязджалі на тушэнне пажару ў нежылым доме аграгарадка Вензавец, іншых вогненных здарэнняў не зарэгістравана – пра гэта паведаміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Ён расказаў, што ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына была аказана дапамога насельніцтву па ліквідацыі птушыных гнёздаў і адпампоўцы вады. У выхадныя і буднія дні ратаўнікі з іншымі зацікаўленымі службамі раёна ладзілі сумесныя рэйды па вадаёмах, не прызначаных для купання: у Хвінявічах і Жукоўшчыне адсутнічалі адпаведныя інфармацыйныя таблічкі – напісаны два прадстаўленні. Былі праведзены рэйды ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, дзе ажыццяўляецца маніторынг стану супрацьпажарнай бяспекі перад жнівом. Па прагнозах сіноптыкаў, гэты тыдзень таксама будзе спякотны, таму раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

Каб адпачынак не стаў трагедыяй

Як расказаў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль, міліцыя разам з супрацоўнікамі лясгаса і РАНС праводзіла адпрацоўку месцаў масавага адпачынку каля вады: за распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення складзены 6 адміністрацыйных пратаколаў. Падобныя выезды будуць ладзіцца і надалей, бо на мінулым тыдні на Лідчыне патанулі тры чалавекі, сярод якіх непаўналетні. Таксама ў раёне зарэгістраваны крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскай карткі, нанясенне непранікаючага нажавога ранення, праваахоўнікамі былі знішчаны некалькі пасеваў маку, пільную ўвагу міліцыя надае праверцы законнасці нарыхтовак металалому, паколькі нярэдка выяўляюцца факты крадзяжоў металічных рэчаў з нежылых дамоў.

Спее ўраджай на палях

Першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка расказаў, што ў гаспадарках раёна прайшоў агляд гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі да жніва: з 65 камбайнаў ужо падрыхтаваны 53. З-за несвоечасовай пастаўкі запасных частак крыху адстаў па падрыхтоўцы КСУП “Дварэц-Агра”, але сітуацыя павінна выправіцца на гэтым тыдні.

Паралельна ў раёне ідзе ўнясенне гліфасатаў і падрыхтоўка нізкапрадукцыйных сенакосаў пад сяўбу, рыхтуецца да азімай сяўбы і тэхніка.

Якія аб’екты чакаюць будаўнікоў?

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі і дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня расказалі аб стане спраў на аб’ектах будаўніцтва раёна і падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для капітальных рамонтаў. Сярод галоўных планаў – адрамантаваць лазнева-аздараўленчы комплекс у Дзятлаве і гарадскія ачысныя збудаванні, а таксама ўвесці ў эксплуатацыю ў Раклевічах і Наваельні станцыю абезжалезвання вады. Кіраўнік раёна звярнуў увагу прысутных і на тое, што на кантролі варта трымаць стан дарог і гарадскіх вуліц, своечасова праводзіць грэйдзіраванне тых участкаў, дзе адсутнічае асфальтавае пакрыццё.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga