У добры шлях па новы ўраджай!

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

З бадзёрым і баявым настроем адсвяткавалі “Зажынкі-2021” 12 ліпеня ў ААТ “Граніт-Агра”.

Зажынкі – гэта не проста прыгожае славянскае свята, якое сваімі каранямі адыходзіць у глыб стагоддзяў, гэта свайго роду стартавая пляцоўка перад важкай працай па атрыманні новага каравая. Нездарма ў народзе кажуць: “Якімі былі зажынкі, такім будзе і ўраджай”.

На святочным мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнік і вядучыя спецыялісты гаспадаркі, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі збожжасушыльных комплексаў, супрацоўнікі Данілавіцкага сельвыканкама, святары праваслаўнага і каталіцкага духавенства.

Адкрылі свята першага снапа гаспадыні-вядучыя, якія павіншавалі працаўнікоў хлебнай нівы з пачаткам жніва, пажадалі ўсім плённай працы, моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, зладжанасці ў рабоце, цёплых сонечных дзён і добрага  настрою. Да віншаванняў далучыўся кіраўнік ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур.

Ён нагадаў прысутным, колькі рэсурсаў і намаганняў было ўкладзена на кожным з этапаў палявых работ і выказаў упэўненасць у тым, што калектыў, безумоўна, справіцца з пастаўленымі задачамі, а з’яднаная праца  механізатараў і вадзіцеляў дапаможа выканаць іх своечасова.

Да працаўнікоў хлебнай нівы са словамі пажаданняў звярнуліся галоўны аграном сельгаспрадпрыемства  Юрый Бортнік і галоўны інжынер Андрэй Падліпскі, а таксама старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых.

Святары блаславілі вяскоўцаў на пачатак добрай справы і акрапілі святой вадой  камбайнераў, тэхніку і хлебныя нівы.

Па ўжо існуючай традыцыі  гаспадару свята Станіславу Мазуру  ўручылі сноп, які ён імкнуўся падняць як мага вышэй, каб  усе паспелі загадаць некалькі жаданняў: каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася, каб Бог даў здароўе ўсім удзельнікам жніва.

У час святочнага мерапрыемства хлебам частавалі і ўдзельнікаў свята. Для працаўнікоў жніва з сольнымі кампазіцыямі выступілі артысты Данілавіцкага дома культуры.

Ледзь адгучалі апошнія словы пажаданняў і вясёлых песень, як загрукаталі магутныя маторы збожжаўборачных машын.

Права адправіць першыя камбайны ў поле было прадастаўлена  дырэктару ААТ “Граніт-Агра” Станіславу Мазуру. У добры шлях па новы ўраджай!

Падрыхтавала на друку Таццяна САНЮК

Фота прадастаўлена ўдзельнікамі мерапрыемства

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga