Святочныя мерапрыемствы ў гарадскім скверы і Цэнтры культуры і народнай творчасці

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Юбілейная выстава творчасці Мікалая Несцярэўскага

У Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло адкрыццё юбілейнай выставы творчасці Мікалая Несцярэўскага “Тварыў ад сэрца і душы”, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і памяці мастака.

‒ З’яўленне гэтай выставы ‒ значная падзея для культурнай старонкі Дзятлаўшчыны не толькі таму, што тут сабраны лепшыя творы Мікалая Лаўрэнцьевіча, але і таму, што яшчэ пры жыцці ён марыў аб стварэнні выставы менавіта на роднай зямлі, ‒ адзначыў краязнаўца Валерый Петрыкевіч.

Адкрыццё выставы наведала і пляменніца мастака ‒ Наталля Яравая, якая падзялілася ўспамінамі аб Мікалаі Лаўрэнцьевічы, падзякавала супрацоўнікам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея за шматгадовае супрацоўніцтва з ім і дапамогу ў арганізацыі выставы:

‒ Мікалай быў неверагодна творчым, неардынарным і цікавым чалавекам. Ён не толькі пісаў карціны і ствараў скульптуры, але і пераняў ад маці любоў да кулінарыі і талент да музыкі. Няхай ён сышоў ад нас, што стала вялікай нечаканасцю і стратай, але пакінуў часцінку сябе ў сваіх работах. Я веру, што сёння ён нябачна прысутнічае сярод нас і рады, што яго мара спраўдзілася.

У гэты дзень у зале Цэнтра культуры і народнай творчасці прагучала мноства цёплых і шчырых слоў у адрас мастака. Краязнаўцы, блізкія Мікалая Несцярэўскага і проста госці сустрэчы дзяліліся ўспамінамі, згадвалі, якой асобай быў Мікалай Лаўрэнцьевіч, падкрэслівалі яго ўклад у развіццё не толькі культуры Дзятлаўшчыны, але і Беларусі.

Усе дзеці любяць маляваць… Радзіму

У гэтым можна было пераканацца ў час міні-пленэра юных мастакоў, які праходзіў у гарадскім скверы. Юныя мастакі, а гэта навучэнцы з 3 па 7 клас Дзятлаўскай школы мастацтваў , малявалі на тэму “Гэта мая Радзіма!”, прапаноўвалі дзятлаўчанам і гасцям горада з дапамогай аквагрыму ўпрыгожыць твар або, напрыклад, руку тэматычным малюнкам з беларускай сімволікай. Удзельнікаў пленэра таксама чакалі цікавыя гульні і творчыя заданні.

– Маляваць краіну вельмі проста, – кажа Вікторыя Шупа. – Гэта ўсё, што вакол нас: кветкі, палі, рэкі, птушкі. А маляваць тое, што любіш, асаблівае задавальненне. Я скончыла 2 клас аддзялення выяўленчага мастацтва і ўжо многае ўмею.

– Здольнасці без магчымасцяў маюць малое значэнне, – кажа Ала Барысенка, дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Менавіта магчымасць знайсці сябе ў творчых кірунках дзейнасці, такіх як музыка, выяўленчае мастацтва, харэаграфія, прадстаўляе наша ўстанова адукацыі.

Гледзячы на юных мастакоў, разумееш: чалавек, які вучыцца працаваць рукамі, галавой і сэрцам, становіцца творцам.

На фестывалі фальклору

Сёння ў Дзятлаве ў гарадскім скверы прайшоў фестываль фальклору “Вянок творчасці народнай”, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Раённы фестываль фальклору праводзіцца адзін раз у два гады. Сёння ў ім прымалі ўдзел фальклорныя і аўтэнтычныя калектывы Дзятлаўшчыны. Разам з гасцямі свята яны станцавалі этнічныя танцы “Дрыгула” і “Войцэх”.

Песні прысутным дарылі калектывы “Суседачкі”, “Зараначка”, а таксама фальклорныя калектывы з Погіраў, Ахонава. Гучалі на фестывалі народныя паэзія і проза.

Напрыканцы мерапрыемства для гасцей свята была арганізавана інтэрактыўная гульнявая праграма ад Дварэцкага дома культуры і абрад “Уваходзіны” ад Гезгалаўскага дома культуры. Усе гэтыя абрады і абрадавыя дзеянні адроджаны менавіта са слоў старажылаў нашага раёна.

Паказальныя выступленні правялі супрацоўнікі РАНС

Марыя ПАПОВА
Кацярына БАРЫСЕНКА
Таццяна ГРЫНЦЭВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga