Стартуе жніво. Ці створаны ўмовы для работнікаў?

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Прафсаюзны маніторынг умоваў працы аграрыяў праходзіць напярэдадні старту масавых работ на жніве ў гаспадарках Дзятлаўшчыны ў рамках месячніка бяспекі працы і прафілактыкі працоўнага траўматызму Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Рэйдавая група ў складзе галоўнага тэхнічнага інспектара працы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрыя Гаравенкі і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка на працягу двух дзён наведвае сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна.

Як зазначыў Дзмітрый Гаравенка, у час маніторынгу асаблівая ўвага надаецца забеспячэнню работнікаў гаспадарак сродкамі індывідуальнай абароны, арганізацыі гарачага харчавання і пітнога рэжыму, стварэнню неабходных санітарна-бытавых умоваў для механізатараў і вадзіцеляў, іншым пытанням аховы працы.

Прафсаюзны інспектар ужо пабываў на некаторых мехдварах, праверыў, як запаўняюцца журналы штодзённага прыборнага кантролю фізічнага стану работнікаў, пацікавіўся, ці праходзяць інструктажы па захаванні правілаў бяспекі на вытворчасці, агледзеў бытавыя памяшканні, пакоі прыёму ежы, аптэчкі, даведаўся, ці працуюць душавыя і лазні гаспадарак, ці заўсёды там ёсць гарачая вада.

– Выезды ў раёны абласное аб’яднанне прафсаюзаў ладзіць штогод, – расказаў Дзмітрый Паўлавіч. – Асноўная мэта маніторынгаў – аказаць кансультацыйную і метадычную дапамогу кіраўнікам і прафсаюзнаму актыву сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прасачыць, каб для работнікаў былі створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы, каб нішто не перашкаджала ім у галоўнай справе – уборцы ўраджаю.

У выпадку выяўлення парушэнняў аховы працы кіраўнікі гаспадарак атрымліваюць ад абласнога прафсаюза рэкамендацыі, у якіх пазначаны тэрміны ўхілення недахопаў.

– Сам я ўпэўнены, што праблемы прасцей папярэдзіць, чым пасля “змагацца” з іх наступствамі, асабліва, калі цаною можа стаць здароўе і нават жыццё чалавека, – выказаў сваё меркаванне Дзмітрый Гаравенка.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga