Спаборніцтвы вальшчыкаў лесу прайшлі на Дзятлаўшчыне

Важнае Грамадства

На базе Казлоўшчынскага лясніцтва прайшлі штогадовыя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу “Лесаруб-2021”, якія праводзяцца з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу, распаўсюджвання перадавога вопыту высокапрадукцыйнай і бяспечнай працы на лесасечных работах, павышэння прэстыжу прафесіі.

Сёлета ўдзел у іх прынялі дванаццаць каманд – усе лясніцтвы Дзятлаўскага лясгаса, а таксама запрошаныя госці: зборныя Лідскага, Слонімскага і Навагрудскага лясгасаў.

Кожная каманда прадставіла да ўдзелу двух прафесіяналаў сваёй справы, у састаў зборных Новаяльнянскага, Дзям’янаўскага і Вензавецкага лясніцтваў увайшлі па адным юніёры (удзельнікі ва ўзросце да 24 гадоў).

– Сёння для ўдзелу ў конкурсе сюды прыбылі лепшыя з лепшых, сапраўдныя майстры сваёй справы, – адкрываючы спаборніцтвы, адзначыў галоўны інжынер Дзятлаўскага лясгаса Віталь Квецень. – Аднак заклікаю вас не забываць, што прафесіяналізм павінен ісці поруч з выкананнем тэхнікі бяспекі.

На імправізаваным палігоне канкурсанты прадэманстравалі майстэрства ў хуткай замене ланцуга бензапілы, абрэзванні галінаў, дакладным і камбінаваным распілоўванні. Галоўным выпрабаваннем конкурснай праграмы стала валка дрэва ў натуральных умовах. Пад пільным кантролем конкурснай камісіі вальшчыкі-прафесіяналы выконвалі сваю паўсядзённую працу на хуткасць і дакладнасць, згодна са стандартамі і тэхнікай бяспекі.

Упершыню ўдзел у спаборніцтвах прыняў Яўген Дайліда з Новаяльнянскага лясніцтва. Ён расказаў пра сябе і падзяліўся ўражаннямі ад конкурсу.

– У лясніцтве я працую з чэрвеня мінулага года. Быў паўгода лесарубам, пасля трохмесячных курсаў працую вальшчыкам лесу. Гэта першыя мае прафесійныя спаборніцтвы, таму ёсць некаторае хваляванне.

– Хто і як рыхтаваў да конкурсу?

– Маім куратарам стаў вальшчык нашага лясніцтва Андрэй Адамчык. Трэніроўкі праводзілі без адрыву ад працы ў лесе.

– Ці ўсё атрымалася сёння?

– Замена ланцуга не ўдалася, на некаторых відах не хапіла міліметра або секунды. Аднак увогуле я задаволены тым, як справіўся. Вельмі цікава прымаць такія выклікі і спраўляцца з імі.

– Дзе складаней – у працы ці на спаборніцтвах?

– Калі працую ў лесе, там усё знаёмае, няма строгага абмежавання ў часе. А тут прысутнічае хваляванне, бо выступаю не толькі за сябе, але і за каманду.

Для Яўгена Дайліды першыя спаборніцтвы аказаліся дастаткова выніковымі. Ён стаў лепшым сярод юніёраў, акрамя таго, заняў трэцяе месца ў распілоўванні камбінаваным рэзам, не саступіўшы лідарства многім вопытным калегам.

Другое месца ў катэгорыі “Юніёры” заваяваў Іван Рудакоў з Дзям’янаўскага лясніцтва, трэцяе – Дзмітрый Шышня з Вензавецкага.

Сапраўдны майстар-клас на пляцоўцы паказаў прысутным Мікалай Варган з Раготнаўскага лясніцтва, які стаў чэмпіёнам адразу ў трох дысцыплінах – дакладным пілаванні, распілоўванні камбінаваным рэзам і замене ланцуга. У абрэзванні галінаў лепшым стаў Алег Яфімік з Казлоўшчыны (ён жа лідзіраваў па суме пяці дысцыплін), у валцы дрэва – яго калега па лясніцтве Алег Доста.

У камандным заліку чэмпіёнамі сталі “лесарубы” з Казлоўшчынскага лясніцтва, другое месца заняла каманда Раготнаўскага лясніцтва, трэцяе – Ахонаўскага. Чэмпіёны і прызёры чэмпіянату былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ад Дзятлаўскага лясгаса. Аўтсайдары сёлетняга конкурсу з Дзям’янаўскага лясніцтва атрымалі жартоўны прыз – іржавую пілу, знак таго, што праз год яны будуць прымаць у сябе конкурс “Лесаруб-2022”.

Лепшыя з лепшых вальшчыкі лесу ад Дзятлаўшчыны прымуць удзел у абласным і рэспубліканскім этапах прафесійных спаборніцтваў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga