Шматдзетны тата і працавіты трактарыст

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У сям’і заўсёды дачка імкнецца да таты. Для яе ён самы моцны, надзейны мужчына, які заўсёды прыйдзе на дапамогу і абароніць.

А шматдзетны тата Юрый Варган для сваіх трох дачушак – Ульяны, Вікторыі і Варвары – сапраўдны “рыцар”. Яшчэ Юрый Аляксандравіч – добры працаўнік. Шаснаццаць гадоў працуе трактарыстам-машыністам у КСУП “Жукоўшчына”.

Родам ён з вёскі Гірычы Дзятлаўскага раёна. У дзяцінстве хлопчык разам з сябрамі часта прыходзіў да дзядзькі, які працаваў трактарыстам, залазіў у кабіну, паварочваў руль у розныя бакі і ўяўляў, як аб’язджае неабсяжнае поле, прыносіць карысць людзям сваёй сельскагаспадарчай працай. Калі школьныя гады былі “за плячыма”, хлопец вырашыў ажыццявіць мару – закончыў Казлоўшчынскае СПТВ і атрымаў спецыяльнасць “трактарыст-машыніст”. Пасля заканчэння навучальнай установы юнак год адпрацаваў у калгасе “Чырвоны кастрычнік”. Потым прайшоў ваенную службу ў горадзе Слоніме старшым радыётэлефаністам у 249 асобным мотастралковым батальёне. Дэмабілізаваўшыся, мужчына працягнуў прафесійную дзейнасць у раённай сельгасхіміі. Крыху пазней прадпрыемства аб’ядналі з Дзятлаўскай сельгастэхнікай. З 2005 года Юрый Варган працуе ў КСУП “Жукоўшчына”. Ён прымае актыўны ўдзел у пасяўной кампаніі і нарыхтоўцы кармоў: сее розныя сельскагаспадарчыя культуры, перавозіць і ўносіць ўгнаенні, прэсуе зялёную масу. Добрасумленная праца прынесла работніку заслужаныя ўзнагароды. Па выніках 2019 і 2020 гадоў Юрый Варган стаў пераможцам раённых спаборніцтваў па нарыхтоўцы травяністых кармоў і атрымаў дыпломы ад Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У Юрыя Аляксандравіча вялікая сям’я, ён акружаны ўвагай і клопатам любімых дочак і жонкі Вольгі. Акрамя гэтага, кожны дзень пасля працы яго сустракае яшчэ адна яго любіміца: сабака Тафі, “гасцінным” голасам вітае свайго гаспадара.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga