“Родны кут” – магазін для землякоў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

За апошнія некалькі гадоў Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства правёў маштабную работу па ўкараненні сучасных падыходаў да арганізацыі гандлю.

Як вынік – якасць сэрвісу, сістэма коштаў і асартымент тавараў сталі не горшыя, чым у горадзе.

Васямнаццаць з пяцідзесяці аб’ектаў спажывецкай кааперацыі раёна працуе пад адзіным брэндам “Родны кут”. Магазіны можна пазнаць па зялёнай колеравай гаме і стылістычным адзінстве: ад навігацыі і рэкламы – да ўніформы прадаўцоў.

Аб’екты гандлю спажывецкай кааперацыі змяніліся не толькі знешне, адбылася іх грунтоўная мадэрнізацыя з заменай абсталявання, у тым ліку, халадзільнага. Цяпер кожны пакупнік можа сам сабе адмераць неабходную колькасць, напрыклад, цукерак або крупаў. Палеты з агароднінай і садавіной, маляўнічыя вітрыны дапамагаюць пакупнікам лепш сарыентавацца ў выбары тавару.

Адным з такіх абноўленых магазінаў з’яўляецца міні-маркет “Родны кут” у пасёлку Казлоўшчына, які ўсе мясцовыя жыхары ведаюць пад назвай “Шчара”. Магазін працуе па метадзе самаабслугоўвання, што дазваляе пакупнікам самім выбраць неабходныя тавары. На плошчы ў 66 квадратных метраў у адкрытым доступе размешчаны больш за паўтысячы найменняў харчовых і нехарчовых тавараў, многія з іх – па зніжаным кошце. Для ашчадных і прадбачлівых пакупнікоў тут працуе аддзел “ProЗапас”, у якім можна набыць тавары бакалейнай групы па зніжаных коштах. Ёсць заўсёды істотны запас цукру, які карыстаецца павышаным попытам у гаспадыняў у перыяд нарыхтовак на зіму. Кожны тыдзень абнаўляецца адзіны для ўсёй сеткі магазінаў пералік тавараў са зніжкамі, якія можна знайсці ў друкаванай лістоўцы. Усё гэта дазваляе магазіну канкурыраваць з прыватнымі гандлёвымі кропкамі. Але галоўная адметнасць пасялковага магазіна  – гэта прадаўцы, прафесійныя і добразычлівыя.

Нязменнай загадчыцай магазіна з’яўляецца вопытны прадавец Ганна Вярстак, якая прысвяціла спажывецкай кааперацыі тры дзесяцігоддзі свайго жыцця. Ганна Антонаўна прайшла школу вопыту, працавала амаль ва ўсіх  харчовых магазінах раёна. Жанчына добразычлівая да калег і ўважлівая да пакупнікоў. Землякі з радасцю наведваюць магазін, дзе заўсёды атрымаюць добрую параду, што лепш набыць, і ветлівае абслугоўванне.

– Ганна Антонаўна, ці зручна працаваць па новай сістэме?

– Самаабслугоўванне – гэта па-сучаснаму, гэта правільна. Пакупнік можа не саромецца, няспешна выбраць, уважліва разгледзець патрэбны тавар і толькі потым разлічыцца.

– Якія тавары самыя папулярныя летам?

– Карыстаюцца попытам безалкагольныя напоі, якія стараемся заказваць з запасам. Ва ўсе сезоны папулярныя малочныя прадукты, якія атрымліваем ад вытворцаў.

– А садавіна з агароднінай?

– Летам яны не такія запатрабаваныя, бо амаль кожны добры гаспадар тут, у сельскай мясцовасці, мае свой урадлівы сад і агарод.

– У часы сур’ёзнай канкурэнцыі чым прывабліваеце спажыўцоў?

– Шчырай усмешкай і свежымі прадуктамі, – упэўнена адказвае жанчына.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga