Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Хто ступіў на крывую дарожку?

Важнае Грамадства

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 разгледжаны пытанні аб адлічэнні навучэнкі аднаго з каледжаў з месца вучобы, аб магчымасці вяртання бацькам двух дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама пастанова аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці і вынясенні папярэджання навучэнцы ліцэя, двое непаўналетніх з адной сям’і прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Не па закліку душы?

Аб тым, што не падабаецца выбраная спецыяльнасць і хочацца атрымаць зусім іншую, заявіла навучэнка аднаго з каледжаў суседняга раёна. Паколькі дзяўчына непаўналетняя, аднаго яе жадання мала, каб проста аддаць дакументы. Кіраўніцтву навучальнай установы давялося ўзгадняць такое рашэнне з камісіяй па справах непаўналетніх Дзятлаўскага раёна, дзе навучэнка зарэгістравана па месцы жыхарства.

Як стала вядома, непаўналетняя не дапушчана да здачы сесіі за прагулы, якія ўчыніла на працягу навучальнага года. Прапускаючы заняткі, дзяўчына некалькі разоў гасцявала ў сяброўкі, цёткі, сваёй маці.

Педагогі каледжа, даючы характарыстыку навучэнцы, сцвярджаюць, што ў яе ёсць здольнасці і магчымасць давучыцца, але няма жадання. Сама дзяўчына хоча атрымаць іншую спецыяльнасць і не паддаецца на ўгаворы бацькі пастарацца скончыць вучобу.

Ацаніўшы ўсе “за” і “супраць”, члены камісіі вырашылі даць згоду на адлічэнне, але папярэдзілі непаўналетнюю, што чакаюць ад яе паступлення на новую спецыяльнасць, а летам яна павінна слухацца бацьку, займацца хатнімі справамі, таксама для яе будзе забяспечана часовая занятасць. Дазвол на адлічэнне накіраваны ў каледж.

Дзеці вярнуліся ў сям’ю

Двое непаўналетніх былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за паводзінаў іх бацькоў, якія вялі асацыяльны лад жыцця, злоўжывалі алкаголем.

Пасля адабрання дарослыя хутка ўзяліся за розум і праявілі зацікаўленасць вярнуць дзяцей як мага раней. Абодва яны працаўладкаваліся ў адну з гаспадарак раёна, станоўча характарызуюцца па месцы работы, прайшлі лячэнне. Маці і бацька цікавіліся жыццём сваіх дзяцей у сацыяльных установах, наведвалі іх.

За тое, каб дзяцей вярнуць у гэту сям’ю, выказаліся школа і сельвыканкам, адзінагалосна падтрымалі такое рашэнне і члены камісіі па справах непаўналетніх. Аднак бацькоў папярэдзілі, што ў выпадку, калі яны зноў пачнуць “зазіраць” у бутэльку, непаўналетніх паўторна могуць прызнаць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і тады наступствы будуць больш сур’ёзныя.

Не хацела вылучацца з кампаніі?

Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела і падтрымала пастанову аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці і вынясенні папярэджання навучэнцы аднаго з каледжаў. Каля магазіна дзяўчына была затрымана міліцыяй, паколькі яна выглядала п’янай. Далейшая праверка гэты факт пацвердзіла.

Члены камісіі пацікавіліся, дзе юная парушальніца ўзяла алкаголь. Як патлумачыла дзяўчына, спіртным напоем яе пачаставалі паўналетнія сябры.

Паколькі раней навучэнка не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за “п’яныя” парушэнні, ёй вынесена папярэджанне і будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Таксама з залы пасяджэння дзяўчыну запрасілі ў раённы аддзел міліцыі для больш поўных тлумачэнняў, з кім менавіта яна распівала алкаголь.

Праблем толькі дадалося  

Члены каардынацыйнага савета разгледзелі стан спраў у сям’і, дзе гадуецца маленькая дзяўчынка ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а нядаўна нарадзіўся яшчэ і хлопчык.

Сітуацыя няпростая: бацька старэйшага дзіцяці, пакуль жанчына знаходзілася ў радзільным аддзяленні, прыехаў з абласнога цэнтра і клапаціўся пра сваю дачку. На той час спецыялісты адказных службаў адзначалі, што гэта ў мужчыны атрымлівалася някепска. Аднак ужо пасля выпіскі жонкі муж расслабіўся: пачаў менш увагі надаваць хатнім справам, так і не вырашыў пытання з пераездам разам з сям’ёй у абласны цэнтр і афармленнем дакументаў на атрыманне дапамогі на нованароджанае дзіця.

Адзначыўшы несур’ёзныя адносіны маладых людзей да выканання бацькоўскіх абавязкаў, члены каардынацыйнага савета і малодшае дзіця прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы, пачаты збор дакументаў на прызнанне непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga