Працаваць – з энергіяй і пазітывам

Важнае Грамадства

Сёлета прадпрыемства меліярацыйных сістэм сустрэне свой паўвекавы юбілей.

У гэты знакавы год асабістую “круглую” дату адзначыў адзін з работнікаў прадпрыемства – Аляксандр Шчэрба.

Аляксандру Мікалаевічу споўнілася шэсдзясят гадоў, больш за палову жыцця ён працуе тут. У далёкім 1984-м годзе ён упершыню прыйшоў у ПМС працаваць будаўніком, затым бетоншчыкам, мае адзін запіс у працоўнай кніжцы. На пачатку кар’еры мужчына разам са сваёй брыгадай будаваў жыллё для меліяратараў, іх намаганнямі на казлоўшчынскай зямлі вырас цэлы меліярацыйны квартал (сучасная пасялковая вуліца Калініна).

Займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол вядомага на ўсю Беларусь санаторыя “Радон”, які дагэтуль радуе сваіх гасцей цікавымі воднымі і прыроднымі архітэктурнымі формамі.

Са сваёй брыгадай Аляксандр Шчэрба аб’ездзіў амаль усю вобласць, а ў мінулым годзе прыняў удзел у пераўвасабленні малой радзімы – гарпасёлка Казлоўшчына, які абнавіўся дзякуючы рэспубліканскай інвестпраграме. Нават з гадамі Аляксандр Мікалаевіч стараецца не губляць бадзёрасці і рухавасці, трымаць планку, бо працуе ў камандзе з маладымі энергічнымі людзьмі. Цяпер мужчына заняты на рэканструкцыі моста па вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве, у ліку яго напарнікаў тут – сын Сяргей.

Ён лічыць сябе цалкам шчаслівым: у яго дарослыя дзеці, ужо падрастаюць унукі, любімая праца на свежым паветры і калегі, якія яго паважаюць. Ёсць і занятак для душы, за якім любіць бавіць вольны час, – рыбалка на азёрах нашага раёна.

– Сёлета яшчэ няма вялікага ўлову, толькі пяць шчупакоў з кілаграм кожны. А вось летась удавалася вывудзіць нават чатырохкілаграмовых, – дзеліцца сваёй рыбацкай удачай мужчына і спадзяецца пабіць свой рэкорд.

Калегі па працы, якія на аб’екце штодзень побач з Аляксандрам Шчэрбам, характарызуюць яго з найлепшага боку і адрасуюць юбіляру самыя добрыя пажаданні.

Аляксандр Бандаровіч, прараб:

– Аляксандр Шчэрба працуе ў Дзятлаўскім ПМС усё сваё жыццё. За дзесяцігоддзі працы ён зарэкамендаваў сябе як адказны, выканальны і старанны работнік. На будаўніцтве паспяхова выконвае розныя віды работ, спраўляецца з самымі адказнымі даручэннямі. Вельмі добры, дружалюбны чалавек, які паважае людзей, і тыя з павагай ставяцца да яго.

Канстанцін Лішык, стропальшчык:

– Разам з Аляксандрам Мікалаевічам часта працуем на будаўнічых аб’ектах. Ён добры, надзейны таварыш, які падкажа і дапаможа. Неаднойчы бывалі ў камандзіроўках – у Іўі, Гродне і іншых населеных пунктах вобласці. Разам асвойвалі розныя будаўнічыя “прафесіі”. Гэты чалавек не баіцца ніякай працы, любіць працаваць і гэтым паказвае моладзі добры прыклад.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga