Падзеж жывёлы – норма ці адказнасць?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Для выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы пракуратура Дзятлаўскага раёна сумесна з аддзелам унутраных спраў райвыканкама і раённай ветэрынарнай станцыяй праводзіць маніторынг умоваў утрымання буйной рагатай жывёлы ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.

Аналіз статыстычнай і аператыўнай інфармацыі ў сферы жывёлагадоўлі сведчыць, што на Дзятлаўшчыне складваецца негатыўная тэндэнцыя росту падзяжу буйной рагатай жывёлы.

Выяўленыя парушэнні з’яўляюцца следствам халатных адносінаў адказных асобаў сельскагаспадарчых арганізацый да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў і носяць сістэмны характар, што выклікае падзенне вытворчасці малака і мяса, невыкананне Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны, нанясенне шкоды дзяржаве і грамадскім інтарэсам.

Варта адзначыць, што некаторыя недобрасумленныя кіраўнікі асобных гаспадарак стараюцца ўтаіць такія праблемы, у тым ліку скажаючы статыстычную справаздачнасць, прыпіскамі, указаннямі аб “рэалізацыі мяса палых жывёл” работнікам у лік заработнай платы.

Як правіла, падобныя супрацьпраўныя дзеянні адказныя асобы ўчыняюць для стварэння бачнасці спрыяльнай абстаноўкі ў гаспадарках, захавання свайго рабочага месца і заработнай платы, утойвання ўласнай некампетэнтнасці, з-за немагчымасці выканання ўказанняў сельгасхарчу аб недапушчэнні зніжэння надояў малака і прывагаў мяса, а таксама жадаючы пазбегнуць дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці. Нярэдка “дапамогу” ва ўтойванні падзяжу аказваюць і ветэрынарныя дактары, якія скажаюць звесткі аб прычынах гібелі жывёлы ў ветэрынарных заключэннях.

Разам з тым, прыпіскі, скажэнне статыстычнай справаздачнасці, пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкіх злачынстваў, такіх як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца службовай падробкай, гэта значыць, злачынствам, прадугледжаным артыкулам 427 КК РБ.

У 2020 годзе органамі крымінальнага праследвання па фактах унясення заведама лжывых звестак у афіцыйныя дакументы аб падзяжы былі ўзбуджаны 9 крымінальных спраў. За бягучы перыяд 2021 года органамі крымінальнага праследвання ўзбуджаны 2 крымінальныя справы гэтай катэгорыі, па адной з іх рашэнне аб ўзбуджэнні прынята пракурорам раёна.

Якімі б матывамі ні кіраваліся адказныя асобы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, за ўчыненне службовай падробкі Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Ёсць неадзінкавыя прыклады, калі адказных асобаў сельгаспрадпрыемстваў судзяць за ўчыненне злачынстваў, звязаных з фальсіфікацыяй звестак аб падзяжы жывёлы. Напрыклад, у студзені 2021 года судом Дзятлаўскага раёна да 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў асуджаны кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства М. Да яго выкарыстана адтэрміноўка выканання назначанага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады.

Так, працуючы на ўказанай пасадзе, дакладна ведаючы аб падзяжы маладняку буйной рагатай жывёлы, які адбываўся ў 2017-2019 гадах на малочнатаварных фермах прадпрыемства, ён, насуперак інтарэсам службы, не прымаў мераў па выяўленні прычынаў і скарачэнні фактаў невытворчага выбыцця жывёлы, даваў незаконныя ўказанні падначаленым яму брыгадзірам вытворчых брыгад малочнатаварных фермаў гаспадаркі аб утойванні ад уліку галоў падзяжу маладняку пад выглядам вымушаных прырэзак і продажу насельніцтву, схіліў брыгадзіраў да ўнясення лжывых звестак у акты на выбыццё жывёлы і птушкі, справаздачы аб руху жывёлы і птушкі формы, якая з’яўляецца афіцыйным дакументам.

Пракуратура Дзятлаўскага раёна і ў далейшым будзе прынцыпова рэагаваць на факты падзяжу жывёлы, у тым ліку з патрабаваннямі выплаты шкоды ў судовым парадку.

Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga