Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Свежыя навіны

З 19 па 25 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 87 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 24 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 60 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 25 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы.

Паквапіліся і на вароты

Некаторы час жыхар Гомеля не наведваўся ў вёску Нянадавічы, дзе ён мае дом, які дастаўся ў спадчыну. Гэтага часу хапіла злодзеям, каб выламаць прабой з дзвярэй у гаспадарчай пабудове і скрасці адтуль металічны посуд, ліхтары, разеткі, медны кабель, аднак на гэтым зламыснікі не спыніліся: самай “важкай” іх здабычай сталі металічныя вароты і веснічкі. Гаспадару маёмасці нанесены матэрыяльны ўрон у памеры 900 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Аптэчка можа нашкодзіць

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце выяўлення несудзімым жыхаром адной з вёсак раёна летам 2019 года ў будынку былых гаражоў сельгаспрадпрыемства 45 індывідуальных аптэчак, у якіх знаходзілася 270 таблетак, што мелі ў сваім складзе небяспечнае псіхатропнае рэчыва агульнай вагой 52,76 грама. Псіхатропы канфіскаваны.

“Зняў” грошы з карткі

Чарговае злачынства ў сферы высокіх тэхналогій учынена ў нашым раёне 24 ліпеня. Невядомы інтэрнэт-злачынца з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі ў дзятлаўчаніна з банкаўскай карткі ААТ “Беларусбанк” скраў 300 рублёў.

Трэба было выпалаць

На прысядзібным участку пенсіянеркі з Дзятлава міліцыя знайшла і знішчыла 0,5 кілаграма алейнага маку. Праваахоўнікі папярэджваюць жыхароў раёна, што падобныя рэйды ладзяцца пастаянна, таму лепш не чакаць міліцыю, а выпалаць мак самім. 

Куды “пацякло” малако?

На адной з малочнатаварных фермаў раёна праваахоўнікі затрымалі жывёлавода, які спрабаваў забраць з сабой 5 літраў малака.

З такой жа колькасцю скрадзенага з фермы малака ўжо ў іншай гаспадарцы раёна міліцыяй была затрымана аператар машыннага даення.

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga