Дзень Незалежнасці. З хлебам, з песняй, з добрым словам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне стала добрай традыцыяй у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прэзентаваць лепшы вопыт работы раённых арганізацый, прадукцыю прадпрыемстваў і гаспадарак, творчыя і навуковыя дасягненні нашых землякоў.

Сёлета імправізаваная выстава разгарнулася на плошчы 17 Верасня, вуліцы Савецкай і ў гарадскім парку райцэнтра.

Работнікі хлебнага цэху Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства прэзентавалі духмяны каравай, хлеб і хлебабулачныя вырабы. Побач размясціўся яшчэ адзін павільён філіяла, які паспяхова гандляваў прадукцыяй на любы густ.

Дэгустацыю сыру наладзілі спецыялісты ААТ “Молочный Мир”, таксама падрыхтавалі прэзентацыю аб рабоце прадпрыемства і відэаролік да Года народнага адзінства.

Квасам і безалкагольнымі прахаладжальнымі напоямі жадаючых частавалі гаспадыні павільёна ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, тут можна было ўбачыць прадукцыю прадпрыемства і ўзнагароды.

Вялікі быў выставачны павільён аддзела адукацыі райвыканкама. Свой вопыт навуковай і творчай работы тут прадставілі школы і дзіцячыя садкі раёна, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Дашкольнікі здзіўлялі калекцыяй лялек, кнігамі і гульнямі ручной работы, школьнікі пахваліліся навуковымі, творчымі і музейнымі праектамі, нават уласнай бізнес-кампаніяй. Найбольшую цікавасць выклікала ноу-хау Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі – аўтобус-музей, экскурсію па якім правёў кіраўнік праекта Дзмітрый Радзіеўскі.

Побач размясціліся павільёны раённага аддзялення паштовай сувязі, сэрвіснага пункта Белтэлекам, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў, Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Не толькі падарункамі прыроды, але і магутнай тэхнікай здзіўляў Дзятлаўскі лясгас. Не менш цікавымі былі выставы ААТ «Дварэцкі льнозавод» і Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння.

РУП ЖКГ падрыхтавала выставу “Мінулае, сучаснае, будучыня”, пачэснае месца ў якой занялі прыгожы торт пад назвай “Год народнага адзінства”, гарадскія фігуры з металу, фантан.

Багаццем фарбаў і цікавымі экспанатамі вабілі ўдзельнікаў свята выставы Цэнтра рамёстваў і раённай бібліятэкі.

Шумна і весела было на падворках гаспадарак Дзятлаўшчыны. Хлебам і песнямі гасцей сустракалі ААТ “Граніт-Агра”, КСУПы “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”. Частавалі блінамі, салодкім мёдам, іншымі гасцінцамі, здзіўлялі самабытнымі тэматычнымі куткамі.

У Год народнага адзінства і гаспадары, і іх госці жадалі адзін аднаму міру, шчасця, дабрабыту на мілай сэрцу дзятлаўскай зямлі.

Ірына СТЫРНІК