“Беларусь – мая слава, надзея і гонар” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Аднайменная канцэртная праграма, прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, сабрала на плошчы 17 Верасня дзятлаўчан і гасцей горада.

Народны аркестр “Новаяльнянскія трубачы” прадставіў гледачам музычнае дэфіле. Пад чароўныя гукі вальса на цэнтральнай плошчы горада кружыліся сёлетнія выпускнікі – гонар і надзея роднага краю.

У гэты адметны для кожнага беларуса дзень асабліва адчуваецца адзінства нашага народа. Галоўнае свята краіны непарыўна звязана з адной з найважнейшых падзей айчыннай гісторыі – вызваленнем Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для беларусаў гэта дата 3 ліпеня з’яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, доблесці і славы. З галоўнай сцэны да прысутных звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Для кожнага чалавека, народа, краіны ёсць такія вечныя каштоўнасці, як свабода і незалежнасць, да якіх усе імкнуцца. У гэты святочны дзень мне хочацца выказаць словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Іх засталося нямнога сярод нас, але менавіта гэтым людзям мы абавязаны свабодай і незалежнасцю. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам працы, якія аднаўлялі нашу краіну пасля вайны. На наша пакаленне таксама выпалі сур’ёзныя выпрабаванні. Але мы выстаялі, вытрымалі, справіліся. Таму што мы разам і з намі – праўда.

Стала добрай традыцыяй, што кожны год у Дзень Незалежнасці папаўняецца Кніга Славы Дзятлаўскага раёна. Дзятлаўчане ўшаноўваюць герояў працы, чыімі рукамі ствараецца дабрабыт роднага краю і нашай Беларусі. Біяграфія кожнага з іх – гісторыя асабістага поспеху і прыклад для пераймання. З 1979 года ў Кнігу Славы занесены імёны 55 прадстаўнікоў розных прафесій. Сёлета ў ёй з’явіліся чарговыя старонкі, прысвечаныя нашым выдатным землякам. Залатымі літарамі ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна былі ўпісаны імёны Эдварда Куляша, ганаровага жыхара Дзятлава, які прысвяціў шмат гадоў працы банкаўскай сістэме раёна, з’яўляўся старшынёй раённага аддзялення Фонду міру, а таксама Фёдара Красюка, даследчыка свайго роднага краю, этнографа, гісторыка, нязменнага на працягу 24 гадоў кіраўніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Старшыня райвыканкама павіншаваў іх са святам і ўручыў сертыфікаты аб унясенні ў Кнігу Славы.

Свята наведала наша славутая зямлячка, чалавек года Гродзенскай вобласці Марыя Слушко – высокакласны спецыяліст, добры, спагадлівы чалавек. Ёй ганарыцца не толькі родны КСУП “Хвінявічы”, але і ўвесь наш раён. На галоўнай святочнай сцэне Андрэй Садоўскі ўручыў жанчыне пасведчанне аб занясенні на абласную Дошку гонару.

Кіраўнік раёна выканаў яшчэ адну прыемную місію – уручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды самым юным і таленавітым удзельнікам свята. Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі атрымалі навучэнцы школ мастацтваў нашага раёна – Аліцыя Харэвіч, Дзмітрый Авярчук, Яна Купрыяновіч, Маргарыта Кастусік, Уладзіслаў Русін, Ангеліна Кардаш, Мацвей Жэвага, Алёна Ярмоленка, Дзяніс Гуговіч, Андрэй Голуб, Юлія Болбат і Дзмітрый Война.

Святочны настрой на працягу канцэртнай праграмы стваралі група “Бархат”, ВІА “Гарачыя сэрцы”, Таццяна Шостка, Ала Чарняўская, Кацярына Лабейка і група “Сузор’е”.

 

Наталля АВЯРЧУК