Адмова ад спадчыны – назад не вернеш

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны чалавек мае права адмовіцца ад спадчыны.

Для гэтага па месцы яе адкрыцця (апошняе месца жыхарства спадчынадаўцы) трэба падаць адпаведную заяву натарыусу. Калі спадчыннік не можа асабіста прыйсці да натарыуса па месцы адкрыцця спадчыны, заяву з натарыяльна засведчаным подпісам можна выслаць па пошце. Дапускаецца адмова і ў выпадку, калі ад імя спадчынніка дзейнічае асоба на падставе натарыяльна засведчанай даверанасці (у даверанасці павінна прапісвацца паўнамоцтва на адмову ад спадчыны).

Адмовіцца ад ужо прынятай спадчыны можна на працягу 6 месяцаў з дня смерці спадчынадаўцы, аднак потым памяняць такое рашэнне будзе немагчыма. Таксама не дапускаецца змяненне зместу заявы аб адмове ад спадчыны: калі адмовіўся ад яе на карысць аднаго спадчынніка, ужо нельга памяняць сваё рашэнне на карысць іншага. Любыя змяненні зместу заявы дапускаюцца толькі ў судовым парадку. Немагчыма адмаўляцца ад спадчыны з якімі-небудзь агаворкамі ці ўмовамі для іншых спадчыннікаў.

Адмова ад спадчыны распаўсюджваецца на ўсе віды маёмасці: нельга адмовіцца ад яе часткі, напрыклад, атрымаць пасведчанне аб праве на спадчыну на зямельны ўчастак, адмовіўшыся ад кватэры. Спадчыннік або прымае ўсю спадчыну, або ад усёй яе адмаўляецца. Выключэнне складаюць выпадкі, калі спадчыннік заклікаецца да спадчыны па дзвюх падставах: па завяшчанні і па законе. У такой сітуацыі можна адмовіцца ад спадчыны па адной з падставаў або па абедзвюх.

Адмаўляцца ад спадчыны можна на карысць іншай асобы з ліку спадчыннікаў па завяшчанні ці законе любой чаргі, але ёсць нюансы. Не дапускаецца адмова на карысць іншага ад маёмасці, якая прымаецца па завяшчанні, калі ўся маёмасць спадчынадаўцы завешчана назначаным ім асобам. Таксама на карысць іншага нельга адмовіцца ад абавязковай долі ў спадчыне, калі спадчынніку падназначаны спадчыннік. Калі са зместу завяшчання выцякае, што пазначаным у ім спадчыннікам завяшчаецца ўся належная спадчынадаўцу маёмасць, пазначаны ў завяшчанні спадчыннік не мае права адмовіцца на карысць іншай асобы, якая не прапісана ў завяшчанні.

Таксама законам прапісана паняцце “абавязковая доля” – гэта частка ў спадчыннай маёмасці, якая прызначана непаўналетняму ці непрацаздольнаму дзіцяці спадчынадаўцы, непрацаздольным мужу, жонцы, бацькам памерлага. У выпадку, калі завяшчанне было засведчана, але такія асобы ў ім не пазначаны як спадчыннікі, закон гарантуе ім права на атрыманне абавязковай долі. Такія спадчыннікі таксама маюць права на адмову ад абавязковай долі, аднак у гэтай сітуацыі адмовіцца можна без пазначэння, на чыю карысць гэта робіш. Ёсць і яшчэ адна акалічнасць: спадчыннік не мае права адмовіцца на карысць іншай асобы, калі ў завяшчанні гэтаму спадчынніку падназначаны іншы спадчыннік.

Паколькі заяву аб адмове ад спадчыны ўжо нельга змяніць ці адмяніць, спадчыннікі, перш чым прымаць рашэнне, павінны ўсё ўзважыць, абдумаць, атрымаць поўную і кваліфікаваную кансультацыю натарыуса.

Жанна СЁМУХА,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga