Ушанавалі работнікаў і ветэранаў

Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы існуе добрая традыцыя ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўваць тых, хто вызначыўся ў рабоце і грамадскай дзейнасці.

На гэты раз асабовы састаў аддзела сабраўся для ўшанавання і ўручэння памятных знакаў МУС Рэспублікі Беларусь удзельнікам ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

За выкананне службовага і грамадзянскага абавязку словы шчырай удзячнасці ліквідатарам, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку і тым, хто яшчэ ў страі, выказаў начальнік аддзела Дэпартамента аховы Дзмітрый Харошка.

Памятныя знакі і пасведчанні да іх уручыў старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела Сцяпан Мацюкевіч. Імі былі адзначаны Уладзімір Іванашка, Станіслаў Юрчук, Анатоль Мацюкевіч, Атар Шушанідзэ, Уладзімір Юшкевіч, якія працуюць у аддзеле аховы, а таксама ветэраны службы – Валянцін Лабарэвіч, Мікалай Парфіновіч, Мікалай Бялоцкі, Іван Бурэц. Тым ліквідатарам, якія ў гэты дзень не змаглі прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі з-за дзяжурства або па стане здароўя, іх узнагароды з найлепшымі пажаданнямі перададуць калегі.

Выдалася і яшчэ адна добрая нагода для ўшанавання. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву і ветэранскай арганізацыі, у выхаванні асабовага саставу аддзела, прапагандзе дзейнасці службы аховы і выкананні іншых задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў, і ў сувязі са святкаваннем 30-годдзя з дня стварэння Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь начальнік аддзела Дзмітрый Харошка ўручыў грашовыя прэміі старшыні ветэранскай арганізацыі Сцяпану Мацюкевічу і актывісту ветэранскай пярвічкі, які таксама доўгі час яе ўзначальваў, Станіславу Казакевічу.

Сцяпан Мацюкевіч працаваў у Дзятлаўскім аддзеле аховы з 1979 года, з 1996 па 2000 год узначальваў яго. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ 16 гадоў ён прысвяціў рабоце ў Дэпартаменце аховы на пасадзе кантралёра, другі год узначальвае ветэранскую арганізацыю аддзела. І ён, і Станіслаў Казакевіч, які таксама мае багаты службовы вопыт, – частыя госці ў калектыве.

– Мы вядзём актыўную работу з моладдзю, – расказваюць ветэраны. – Хто, як ні прадстаўнікі старэйшага пакалення, азнаёміць маладых супрацоўнікаў з галоўнымі прамудрасцямі прафесіі? Нас абавязкова запрашаюць на ўрачыстае ўручэнне зброі маладому папаўненню, пагонаў – супрацоўнікам пры атрыманні чарговага міліцэйскага звання. Мы дапамагаем калектыву аддзела ладзіць дні адчыненых дзвярэй для прафарыентацыі школьнікаў, іншыя мерапрыемствы. Стараемся часцей размаўляць з навабранцамі, падказваць, што ў службовай дзейнасці неабходны стойкасць, цярпенне, загартоўка, пільнасць, што на кожным аб’екце – свая спецыфіка работы, аднак супрацоўнік павінен заўсёды быць уважлівым да людзей, умець іх выслухаць. Размовамі, уласным прыкладам дапамагаем моладзі ў прафесійным станаўленні. Выніковасць такой работы даказана часам.

Што дапамога ветэранскага актыву дае свой плён, адзначае і кіраўнік аддзела Дзмітрый Харошка. Таксама Дзмітрый Іванавіч расказаў, што ў аддзеле ёсць вакансіі, а таму ў маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў з’явілася магчымасць выбраць дастойную і пачэсную прафесію праваахоўніка і стаць міліцыянерамі ўзвода міліцыі, міліцыянерамі-вадзіцелямі або міліцыянерамі-кінолагамі групы затрымання ўзвода міліцыі. Гэта цікавая і адказная служба па ахове грамадскага парадку, асабістай і дзяржаўнай уласнасці, папярэджанні і своечасовым раскрыцці злачынстваў, забеспячэнні бяспекі людзей, абароне іх правоў і законных інтарэсаў.

Пры адборы ўлічваюцца маральныя і дзелавыя якасці, стан здароўя, узровень адукацыі кандыдатаў. Сярод абавязковых патрабаванняў: наяўнасць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь пажаданая, але кандыдатуры маладых людзей з сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыяй разгледзяць і без службы. Для праваахоўнікаў дзяржавай прадугледжаны сацыяльныя льготы і гарантыі.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga