У райвыканкаме. Чаму не варта хадзіць у лес?

Свежыя навіны Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы аховы правапарадку, бяспекі жыццядзейнасці, добраўпарадкавання, аздараўлення і занятасці моладзі, сельскагаспадарчых работ, іншыя.

За што затрымлівалі парушальнікаў?

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Святоха, на мінулым тыдні было ўзбуджана 4 крымінальныя справы, нераскрытым застаўся адзін крадзеж з выкарыстаннем высокіх тэхналогій. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 7 сямейна-бытавых скандалістаў і 22 грамадзяніны, якія ўжывалі алкагольныя напоі або знаходзіліся нецвярозымі ў грамадскіх месцах. Міліцыя раёна забяспечыла ахову грамадскага парадку на пяці масавых мерапрыемствах. Супрацоўнікі міліцыі для недапушчэння няшчасных выпадкаў і прафілактыкі правапарушэнняў неслі дзяжурствы на пляжы горада Дзятлава і санаторыя “Радон”. Каля ракі Моўчадзь у месцы, не прызначаным для купання, быў затрыманы за несанкцыянаванае мерапрыемства жыхар Навагрудскага раёна, які прымацаваў бела-чырвона-белы сцяг на палатку. Парушальнік дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.

Наведванне лясоў раёна абмежавана

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні каля вёскі Падвялікае адбылося ўзгаранне ў лясным масіве на плошчы 0,02 гектара, таксама зарэгістравана ўзгаранне сухой расліннасці каля станцыі Выгада на плошчы 0,4 гектара. Атрыманы вынікі экспертызы па надзвычайным здарэнні ў вёсцы Вялікая Палонка: устаноўлена, што загінулы на пажары мужчына быў нецвярозы.

Цяпер у сувязі з пажаранебяспечным перыядам на Дзятлаўшчыне дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў, таму ад паходаў у лясныя масівы жыхарам раёна трэба адмовіцца. Таксама ратаўнікі разам з супрацоўнікамі іншых зацікаўленых службаў ладзяць маніторынгі па месцах, не прызначаных для купання.

Пачынаюць рыхтаваць камбайны

Як зазначыў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка, сельгаспрадпрыемствы нашага раёна завяршаюць першы ўкос траваў. На фінішную прамую па першай касьбе выйшлі сельскагаспадарчы філіял “АграМілк” (начальнік Аляксандр Грынкевіч), ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Станіслаў Мазур), КСУПы “Войневічы” (Сяргей Францішчык) і “Хвінявічы” (Мікалай Бубноўскі). Цяпер перад аграрыямі стаіць задача – своечасова правесці хімічную праполку і падкормку кукурузы. Таксама сельгаспрадпрыемствы прыступаюць да падрыхтоўкі збожжаўборачнай тэхнікі, бо жніво ўжо не за гарамі.

Лета – сезон працы і адпачынку

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус расказала, што на базе школ раёна ў летніках праходзяць аздараўленне 657 дзяцей. Не менш увагі надаецца і занятасці непаўналетніх у час канікулаў. Дапаможнымі рабочымі па рамонце кніжнага фонду цяпер працуюць 40 дзяцей, пазней яшчэ 55 будуць заняты на падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года.

Добраўпарадкаванню зялёнае святло

У Дзятлаве ажыццяўляецца рамонт дваровай тэрыторыі мікрараёна шматпавярховай забудовы па вуліцах Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай. Мяркуецца, што для зручнасці жыхароў праходзіць ён будзе ў некалькі этапаў. Цяпер у двары працуе тэхніка, у хуткім часе рабочыя прыступяць да ўкладкі бардзюрнай пліткі на першым участку рамонту.

Таксама ў райцэнтры ідзе замена састарэлых сетак каналізацыі (адноўлены адзін кіламетр камунікацый) і сістэмы водазабеспячэння (ужо праведзены рамонт 0,5 кіламетра водаправода).

У далейшых планах добраўпарадкавання – ачыстка возера ў мікрараёне шматпавярховай забудовы па вуліцы Навагрудскай і аднаўленне асвятлення на гарадскім пляжы ў Дзятлаве.

Яшчэ адзін аб’ект, дзе работы будуць выкананы за кошт рэспубліканскіх і абласных бюджэтных сродкаў, – пабудова станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Раклевічы.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga 



Теги: