Па якую падтрымку звярталіся ў райвыканкам?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Якія тэмы хвалявалі жыхароў Дзятлаўшчыны ў другім квартале 2021 года і з якімі пытаннямі яны найчасцей звярталіся ў раённы выканаўчы камітэт, расказала намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч.

– Жыхары нашага раёна звяртаюцца ў райвыканкам не толькі ў час асабістых прыёмаў кіраўніцтва, але і актыўна выкарыстоўваюць такія формы, як падача пісьмовых і электронных заяваў, званкі на прамыя тэлефонныя лініі.

У другім квартале 2021 года дзятлаўчан хвалявалі розныя тэмы, але найбольш актуальнымі былі пытанні эксплуатацыі жыллёвага фонду. Гэта правядзенне капітальнага рамонту дамоў, пракладка сетак водазабеспячэння, рамонт каналізацыі і ацяплення. Дамы, жыхароў якіх цікавяць падобныя пытанні, не заўсёды знаходзяцца на абслугоўванні арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі: у некаторых выпадках яны стаяць на балансе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, значыць, прадастаўленне камунальных паслугаў забяспечваюць самі сельгасарганізацыі. Разам з тым, у выніку работы са зваротамі былі прыняты вычарпальныя меры па аднаўленні водазабеспячэння, парушанага ў адным з аграгарадкоў нашага раёна.

З надыходам цёплага сезону жыхароў Дзятлаўшчыны часцей непакояць пытанні рамонту дарог. Варта адзначыць, што грэйдзіраванне дарог і вуліц з гравійным пакрыццём дарожнымі службамі Дзятлаўшчыны праводзіцца рэгулярна і па меры неабходнасці.

Дзятлаўчан цікавіла пытанне паляпшэння жыллёвых умоваў. Гэта і будаўніцтва шматкватэрнага дома, і прадастаўленне арэнднага жылля, і набыццё ў прыватную ўласнасць незапатрабаваных памяшканняў дзяржаўнага жылога фонду. Нагадаю, што сёлета ў эксплуатацыю быў здадзены 32-кватэрны дом па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ у Дзятлаве, і многія жыхары раёна змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы за кошт атрымання арэндных кватэр. У гэтым годзе таксама пачата ўзвядзенне 72-кватэрнага дома па вуліцы Навагрудскай. Першачарговае права на паляпшэнне жыллёвых умоваў шляхам будаўніцтва кватэр у ім маюць шматдзетныя сем’і, сем’і, якія гадуюць дзяцей-інвалідаў, дзеці-сіроты. Гэтым катэгорыям прапанаваны льготы для паляпшэння жыллёвых умоваў паводле дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

З надыходам дачнага сезону людзі часцей звяртаюцца па пытаннях дастаўкі газавых балонаў у сельскія населеныя пункты. Для зніжэння расходаў на транспарціроўку, дастаўка балонаў ажыццяўляецца згодна з распрацаванымі графікамі, якія рэгулярна друкуюцца на старонках раённай газеты “Перамога”. Для большай зручнасці і бесперабойнага выкарыстання газу дачнікі і гаспадары вясковых дамоў могуць пераабсталяваць аднабалонныя ўстаноўкі ў двухбалонныя. На гэта Дзятлаўскім раёнам газазабеспячэння прадастаўляецца беспрацэнтная растэрміноўка плацяжу на шэсць месяцаў. Перавагай двухбалоннай устаноўкі з’яўляецца магчымасць поўнай выпрацоўкі газу з балона, незалежна ад графіка дастаўкі.

Паступілі звароты па пытаннях закрыцця магазінаў у некаторых населеных пунктах. У выніку работа гэтых гандлёвых аб’ектаў была прадоўжана: у першым выпадку падоўжаны дагавор арэнды памяшкання магазіна, у другім – знойдзены работнік, які будзе працаваць у магазіне.

Цікавілі заяўнікаў, якія звярталіся ў райвыканкам, і пытанні аб магчымасці працаўладкавання. Нагадаем, што азнаёміцца з актуальнымі вакансіямі жыхары нашага раёна могуць у сетцы Інтэрнэт у банку вакансій, а таксама ў аддзеле па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе можна атрымаць і дадатковую кансультацыю спецыяліста.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga