Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 24 па 30 мая ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 71 паведамленне, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 29 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 40 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 46 правапарушальнікаў, узбуджана 11 крымінальных спраў.

Прыехаў у Наваельню па телефон?

На раней судзімага беспрацоўнага жыхара Століншчыны ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж. Пакуль мужчына знаходзіўся на чыгуначнай станцыі “Наваельня” нашага раёна, у жыхара горада Гродна ён скраў мабільны тэлефон “Рэдмі” коштам 280 рублёў. Злодзея чакае суд.

Нарыхтаваў” на ўчастку зямлячкі

Беспрацоўны жыхар гарадскога пасёлка Наваельня вырашыў папоўніць свой бюджэт за кошт нарыхтоўкі металалому. Аднак па жалезныя вырабы мужчына пайшоў не на сметнік, а ў гаспадарчую пабудову сваёй зямлячкі, адкуль вынес 278 кілаграмаў металалому на суму 158 рублёў. На незаконнага нарыхтоўшчыка ўзбуджана крымінальная справа.

Аплаціў таксі наадварот

Беспрацоўны жыхар аграгарадка Вензавец у час паездкі ў таксі скарыстаўся няўважлівасцю вадзіцеля і дастаў з яго барсеткі 200 рублёў. Ужо праз некалькі гадзін праваахоўнікі знайшлі гора-пасажыра, які за супрацьпраўны ўчынак адкажа перад судом.

Сярод белага дня

Крымінальная справа ўзбуджана на беспрацоўнага дзятлаўчаніна, які ў адзін з майскіх дзён з ахоўваемай тэрыторыі прадпрыемства райцэнтра скраў 90 метраў электракабелю на 756 рублёў. Злодзей паўстане перад судом.

Хто пагаспадарыў у доме?

Гаспадыня амаль год не наведвала пакінуты ў спадчыну бацькоўскі дом у вёсцы Карыца-2. За гэты час там пагаспадарылі злодзеі: зламалі аконную раму і вынеслі металічныя ложкі, газавыя пліту і балоны, дзверцы халадзільніка, пячныя заслонкі на агульную суму 200 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжу, паведамляць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Не тыя лічбы ў дакуменце

На былую брыгадзіра адной з малочнатаварных фермаў раёна ўзбуджана крымінальная справа. Жанчына, пакуль выконвала свае працоўныя абавязкі, уносіла лжывыя звесткі ў афіцыйную дакументацыю, каб утаіць падзеж жывёлы.

Прыструніць хатняга тырана

Жыхар аграгарадка Жукоўшчына на працягу некалькіх месяцаў сістэматычна наносіў пабоі сваёй сужыцельцы. Жанчына пра гэта маўчала, аднак пракуратура па хадайніцтве міліцыі ўзбудзіла крымінальную справу на хатняга тырана.

Размахаўся кулакамі

Несудзімы пенсіянер з Наваельні ў зале мясцовай кавярні пабіў наведвальніка гэтай установы. Выйшаўшы з будынка, мужчына не перастаў махаць кулакамі. На вуліцы ад яго пацярпеў яшчэ адзін новаяльнянец. За свае ўчынкі хуліган адкажа перад судом.

Усё яшчэ верыце?

Новай ахвярай інтэрнэт-злодзея стала жыхарка нашага горада. Невядомы злачынца з інтэрнэт-прасторы падмануў жанчыну на 1180 рублёў, якія “сплылі” з яе карт-рахунка ААТ “Беларусбанк”.

Дапамажыце адшукаць чалавека

Раніцай 26 мая з Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых у Рандзілаўшчыне пайшоў і не вярнуўся інвалід ІІ групы па псіхічным захворванні, 1977 года нараджэння, Аляксандр Іванавіч Залескі.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне гэтага чалавека, патэлефанаваць на нумар 102.

Уладзімір СВЯТОХА,
часова выконваючы абавязкі начальніка АУС райвыканкама