Хай паўнейшай стане рака памяці

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Некалькі тыдняў таму ў  зале вызвалення гісторыка-краязнаўчага музея да стэнда падышла Лідзія Антонаўна Лябецкая, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры, паказала на фотаздымак і сказала: “Гэта мой тата, Антон Антонавіч Валчкевіч.

Мы на сямейным савеце вырашылі аддаць усе матэрыялы пра тату ў музей. Хочацца, каб памяць пра яго захоўвалася.”

І вось на стале – дакументы, фотаздымкі, узнагароды. І размова, шчырая, са слязьмі на вачах, з успамінамі дзяцінства і юнацтва.

Антон Валчкевіч нарадзіўся ў Жалудоцкім раёне. Па дакументах, выдадзеных ужо пасля вайны, у 1924 годзе, але на самой справе годам нараджэння быў 1914. Бацькі яго былі простымі людзьмі, сялянамі, працавалі на зямлі. Маці рана памерла, таму бацька, каб лягчэй было спраўляцца з трыма дзецьмі, ажаніўся другі раз. Мачаха аказалася жанчынай добрай і спагадлівай, адносілася да дзяцей, як да родных, нават калі нарадзіла сваіх дзвюх дачок. Таму Антон называў яе толькі мамай. Яна трагічна загінула разам са сваімі роднымі дочкамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Іх расстралялі фашысты. Як гэта здарылася і чаму, Лідзія Антонаўна не ведае, бацька ёй не расказваў, ды, магчыма, і сам добра не валодаў інфармацыяй.

У час вайны Антон Антонавіч быў партызанам Ленінскага атрада, якім кіраваў Валянцін Біцько. Атрад  уваходзіў у Ленінскую партызанскую брыгаду, дыслацыраваўся ў Ліпічанскай пушчы, непадалёку ад вёскі Трахімавічы. На групавых фотаздымках, якія захаваліся ў сям’і Лідзіі Лябецкай, можна ўбачыць многіх вядомых народных мсціўцаў Дзятлаўшчыны – сяброў Антона Антонавіча. Раней ветэраны кожны год на Дзень Перамогі збіраліся на месцы былога партызанскага лагера, дзе да сённяшняга часу захавалася ўзноўленая камандзірская зямлянка.

Антон  Валчкевіч быў чалавекам маўклівым, нешматслоўным, але тое, што ён расказваў, Лідзія Антонаўна запомніла на ўсё жыццё і не можа гаварыць пра гэта без слёз.

Аднойчы, калі ішоў на разведку, трапіў у засаду, яго схапілі фашысты і вялі на расстрэл. Адзенне і абутак знялі, ішоў босы, у сподняй бялізне. Ужо змірыўся з тым, што памрэ. І раптам у галаву прыйшла думка: “А рызыкну – усё роўна паміраць!” І рвануў у лес. Па ім стралялі, беглі следам, але паміраць, відаць, быў не час. Лёс злітасцівіўся. А можа, дапамагла іконка, якую ён ніколі не здымаў з грудзей, лічы, усё жыццё насіў на шаўковым шнурку пад кашуляй.

Быў яшчэ адзін выпадак ужо пасля вайны, у 1948 годзе, калі загінуць мог не толькі Антон Антонавіч, але і яго цяжарная жонка. Сям’я паехала на радзіму, да радні ў вёскі Шчара і Маскалі. А ў той час у лясах яшчэ блукалі банды недабіткаў, часцей яны былі з мясцовых, з тых, хто ў вайну служыў немцам. Бандыты часта нападалі на вёскі, забівалі людзей, рабавалі. Хтосьці паведаміў ім, што ў вёску прыехаў былы партызан Антон Валчкевіч з сям’ёй. Вяскоўцы сказалі Антону, што яго шукаюць бандыты, трэба хавацца. А вось цяжарную жонку яны схаваюць самі. Антон паплыў праз Шчару, а жонку людзі захінулі ў таку пад падстрэшкам, дзе ляжалі снапы. Быў канец жніўня, толькі сабралі новы ўраджай. Стаяла там жанчына, і ёй здавалася, што кожны каласок шасціць так, што звон нясецца па ўсёй ваколіцы. Нехта з бандытаў залез па драбінах наверх і пачаў калоць віламі ў снапы. Але не патрапіў. Калі бандыты пакінулі вёску, цяжарная жанчына ўжо сама не змагла злезці – здымалі людзі. А ў канцы верасня яна нарадзіла Ліду.

Лідзія Антонаўна помніць бацьку як сапраўднага майстра з залатымі рукамі. Быў ён выдатным бондарам, мог зрабіць любую бочку, добра атрымлівалася і мэбля. Быў у хаце стол, зроблены без адзінага цвіка. Антон Антонавіч казаў, што ўмее размаўляць са сталом, можа загадаць яму падняць то левую, то правую ножку. І дзецям тады здавалася, што, і сапраўды, стол слухаўся бацьку, выконваў яго каманды. Як гэта атрымлівалася, Ліда не ведала, але ўпэўнена, што так і было.

Пасля вайны жылі бедна, спачатку ў невялікім бараку ў Наваельні (бацька працаваў у міліцыі), потым пераехалі ў Дзятлава, будаваліся па вуліцы Чапаева. Гадавалі дзвюх дачок. Маці памерла рана, бацька мог бы яшчэ ажаніцца, але не захацеў, так і жыў адзін, а калі моцна захварэў, Лідзія Антонаўна забрала яго ў сваю сям’ю, даглядала да апошняга дня.

–Тата быў чалавекам сціплым, не любіў выступаць публічна, стараўся заставацца непрыкметным. Але аднойчы выпадкова стала вядома, што ён сапраўдны герой. Гэта здарылася ў 1970 годзе, у канцы студзеня. Я ехала цягніком з Брэста і пазнаёмілася з маладым чалавекам. Мы разгаварыліся, а потым аказалася, што нашы таты знаёмыя. Прозвішча хлопца было Павачка. Яго сям’я некаторы час жыла ў Наваельні. У час вайны мой тата вынес параненага Павачку-старэйшага на плячах і ўратаваў яму жыццё. А калі сын расказаў бацьку, што пазнаёміўся з дачкой Валчкевіча, яны абодва прыехалі да нас, каб яшчэ раз сказаць тату “дзякуй”, – успамінае дачка.

Увесь архіў Антона Антонавіча Валчкевіча, у тым ліку ўзнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”  – будуць захоўвацца зараз у фондах музея. Яшчэ адно імя мы вярнулі людзям, шкада толькі, што трохі пазнавата – няма ўжо магчымасці пагутарыць з самім ветэранам. Таму трэба спяшацца па кропельцы збіраць памяць аб тых, хто прайшоў праз ваеннае ліхалецце, каб паўнейшай стала рака памяці народнай, каб ніколі не высахла яна.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги: