Гарэлка – сябар, які заўжды падводзіць

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.

Былі разгледжаны вынікі двух сацыяльных расследаванняў, шасцёра дзяцей прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, таксама прааналізавана выкананне аднаго з раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы. З-за прамой пагрозы жыццю дзіцяці ва ўзросце да аднаго года члены камісіі па справах непаўналетніх прынялі рашэнне аб прызнанні яго маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Дарослыя не разумеюць адказнасці

Сацыяльнае расследаванне было праведзена ў сям’і, дзе гадуюцца трое хлопчыкаў, двое з якіх да нядаўняга часу атрымлівалі адукацыю ў Навагрудскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі маўлення. Нягледзячы на паказанні медыкаў, маці непаўналетніх забрала дакументы са спецыялізаванай установы. Невыкананне бацькамі патрабаванняў медыцынскіх работнікаў і абыякавае стаўленне да асноўных патрэбаў сыноў сталі трывожнымі званочкамі, якія прыцягнулі да сям’і ўвагу службаў прафілактыкі Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў.

На жаль, маці не прыйшла на пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама, са спецыялістамі размаўляў толькі бацька непаўналетніх.

Як расказалі педагогі Навагрудскай школы-інтэрната, абодва хлопчыкі маюць патрэбу ў медыцынскім наглядзе з-за стану здароўя. Праўда, найбольш праблемнымі былі паводзіны малодшага: ён часта праяўляў агрэсію, быў схільны да крадзяжоў. Як патлумачыў бацька, нядаўна з гэтым сынам быў пройдзены медыцынскі агляд, непаўналетняму ўстанавілі другую групу інваліднасці. Застаецца дачакацца канчатковага вердыкту медыкаў, магчыма, дзіця будзе пераведзена на надомнае навучанне. Разам з тым, нявырашаным застаецца лёс другога сына. Педагогі з Навагрудка на гэты конт выказалі меркаванне, што дзіцяці лепш будзе вучыцца ў іх спецыялізаванай школе.

Паколькі пачаліся канікулы, дзятлаўскія спецыялісты службаў прафілактыкі пацікавіліся ў бацькі хлопчыкаў, як непаўналетнія адпачываюць летам, дзе яны знаходзяцца цяпер. Аказалася, што дарослыя пакінулі сыноў дома адных. Каб не дапусціць бяды, у сям’ю разам з бацькам адразу ж выехалі супрацоўнік міліцыі і сацыяльны педагог.

Члены каардынацыйнага савета прынялі рашэнне аб прызнанні дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Няправільная анестэзія

Удзельнікі каардынацыйнага савета прааналізавалі выкананне раней прынятага рашэння аб прызнанні траіх непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы. Як высветлілася, у сям’і не адбылося значных станоўчых зменаў: бацькі па-ранейшаму не ў поўнай меры выконваюць свае абавязкі па выхаванні дзяцей, маці дапускае факты ўжывання алкаголю. Варта зазначыць, што з-за сяброўства з “зялёным зміем” жанчына ўжо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў на дваіх старэйшых дзяцей.

А нядаўна, познім майскім вечарам, педагогам школы паступіў тэлефонны званок з паведамленнем аб тым, што жанчына зноў знаходзіцца дома нецвярозая. Спецыялісты выехалі на адрас сям’і. Сапраўды, алкатэстар паказаў у гаспадыні ап’яненне, ды і яна пацвердзіла, што нядаўна выпіла, каб супакоіць боль. Выбар “анестэзіі” крыху здзівіў педагогаў. Каб не пакідаць дзяцей з нецвярозай маці, яны выклікалі бацьку, які ў той дзень працаваў у начную змену. Дарэчы, сам мужчына не заўважаны ва ўжыванні спіртнога.

Нагадалі члены каардынацыйнага савета гора-бацькам і аб жыллёвай праблеме. Ненадзейная сям’я з трыма дзецьмі размяшчаецца ў невялікім жылым памяшканні, а ўсё таму, што муж і жонка не паклапаціліся аб тым, каб сабраць неабходны пакет дакументаў для атрымання больш дастойнай кватэры. На іх збор дарослым далі адзін месяц, а маці рэкамендавана ўжо ў бліжэйшыя дні наведаць доктара-нарколага.

Сям’я і надалей застанецца на кантролі спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна.

Прыспеў час узяцца за розум

Цяжкая сітуацыя склалася ў сям’і, дзе гадуюцца трое непаўналетніх. Гаспадар амаль год не меў афіцыйнага месца работы, злоўжываў алкаголем, жылі дарослыя пераважна на дапамогу на дзяцей. Дома не заўсёды былі прадукты харчавання, не ўсё “меню” адпавядала ўзросту дзетак, хаця ў аднаго з іх выяўлена сур’ёзнае захворванне.

Нядаўна ў сям’і правялі сацыяльнае расследаванне, якое паказала прыкметы недабрабыту. Няспраўным аказаўся пажарны апавяшчальнік з вывадам святлогукавога сігнала на фасад. Высветлілася, што дарослыя не поўнасцю выконваюць медыцынскія рэкамендацыі па доглядзе дзяцей, а бацька не заўсёды ідзе на кантакт са спецыялістамі службаў прафілактыкі, бывае агрэсіўным. У маі мужчыну нецвярозым дастаўлялі ў аддзел міліцыі. Цяпер ён уладкаваўся на работу, аднак, ці надоўга затрымаецца ў арганізацыі, пакуль невядома.

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама прызналі траіх дзяцей з гэтай сям’і ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а іх бацькоў папярэдзілі, што прыспеў час узяцца за розум. Калі дарослыя гэтага не зробяць і не змогуць задаволіць асноўныя жыццёвыя патрэбы непаўналетніх, іх дзяцей могуць увогуле прызнаць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Дзіця экстранна забралі з сям’і

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аднагалосна падтрымалі рашэнне аб прызнанні дзіцяці, 2021 года нараджэння, маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Напярэдадні пасяджэння камісіі немаўля экстранна забралі з сям’і і змясцілі ў дзіцячае аддзяленне бальніцы, бо яго маці злоўжывала алкаголем, а бацька ўхіляўся ад клопатаў аб нованароджаным, паколькі не лічыць яго родным сынам.

Пакуль дзіця знаходзілася ў медыцынскай установе, маці прадаўжала свае п’яныя прыгоды і ў выніку сама трапіла на бальнічны ложак.

Як далей складзецца лёс хлопчыка, залежыць ад многіх жыццёвых абставінаў. Можа стацца, што ён ужо не вернецца ў біялагічную сям’ю.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga