Дзякуй, Божа, за храм і яго святара… (+відэа)

Галоўнае Грамадства

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве прайшла ўрачыстая святая Імша падзякі, прысвечаная 375-годдзю касцёла і 70-годдзю ксяндза Здзіслава Пікулы.

Урачыстасць распачалася з працэсіі святароў у суправаджэнні  Новаяльнянскага зводнага духавога аркестра.

Біскуп Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр Кашкевіч павіншаваў парафіян са святам, заклікаў адкрыць сэрца Богу, быць цярплівымі і міласэрнымі.

‒ Падзякуем жа добраму Богу за такі велічны храм і за жыццё адданага святара, які ўжо не адзін год нясе ў ім душпастырскае служэнне, ‒ падкрэсліў ён.

 

Да віншаванняў далучыліся святары, салезіяне, парафіяне. Ад імя раённай улады са словамі падзякі да ксяндза звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:

‒ Касцёл стаў месцам, куда людзі прыходзяць не толькі на споведзь, але і за падтрымкай, адказамі на важныя, глабальныя для чалавецтва пытанні. Вы пасяляеце ў нашы сэрцы веру і любоў да Бога. Мы высока цэнім тое, што вы робіце для нас, і спадзяёмся, што вашыя мудрасць, малітва і велізарны жыццёвы вопыт будуць дапамагаць дзятлаўскім вернікам яшчэ не адзін год.

У касцёле ў гэты дзень было шмат падарункаў, гучала добрых віншавальных слоў.

Скончылася свята ўрачыстым асвячэннем грота Божай Маці і памятнай таблічкі, пасля чаго жадаючыя змаглі сфатаграфавацца на памяць.

Марыя ПАПОВА
Фота аўтара і Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА