Дзень Казлоўшчынскага сельскага савета

Важнае Улада

У гарадскім пасёлку Казлоўшчына прайшла сустрэча пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, удзел у якой прымалі старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна.

Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што з таго часу як гарпасёлак Казлоўшчына трапіў у комплексную дзяржаўную праграму па добраўпарадкаванні і развіцці малых населеных пунктаў, ён памяняў свой выгляд, папрыгажэў.

Больш падрабязна пра развіццё пасёлка і сельскага савета ў цэлым расказаў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. Ён адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 33 населеныя пункты, дзе жыве 3425 чалавек, сярод якіх 56,5 % жыхароў працаздольнага ўзросту, 11 % дзяцей. Маюць патрэбу ў пастаяннай увазе і дапамозе грамадства 118 інвалідаў, 92 адзінокія пенсіянеры, 596 састарэлых грамадзян, якія жывуць адны.

На тэрыторыі сельсавета працуюць ААТ “РоданАгра”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Казлоўшчынскае і Лявонавіцкае лясніцтвы, іншыя арганізацыі.

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе Казлоўшчынская гарадская бальніца; гандлёвае –15 аб’ектаў розных формаў уласнасці, у вёсках, дзе няма стацыянарных магазінаў – аўталаўкі; адукацыйнае – Казлоўшчынская сярэдняя школа, якая размяшчаецца ў двух будынках, і Казлоўшчынскі яслі-сад. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць Дом культуры, гарадская бібліятэка – цэнтр агульнадаступнай інфармацыі, царква Успення Прасвятой Багародзіцы, касцёл Сэрца Ісуса ў вёсцы Рандзілаўшчына, размешчаны 17 могілак, 3 воінскія пахаванні, 8 помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2020 годзе праведзены работы па выдаленні аварыйных дрэваў на 7 могілках – у Драбавічах, Дубароўшчыне, Лявонавічах, Салавічах, Скіпоравічах, Скрундзях, Хамічах. Такія ж работы сёлета ідуць на могілках у Лявонавічах і Малдавічах. Яшчэ адзін накірунак – ліквідацыя пустуючых струхнелых дамоў: усяго іх знесена 107, з якіх 7 – у 2020 годзе, сёлета для дазволу на ліквідацыю яшчэ 4 заявы пададзены ў суд.

У час рэалізацыі мерапрыемстваў па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці гарпасёлка Казлоўшчына праведзены бягучы рамонт галоўнага корпусу бальніцы, тэрапеўтычнага аддзялення і аддзялення кругласутачнага знаходжання, школьнага стадыёна, капітальны рамонт даху з мадэрнізацыяй фасада Дома культуры, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый шматпавярховых жылых дамоў па вуліцы Савецкай і па вуліцы Леніна, мадэрнізацыя завулка Школьнага з пабудовай тратуараў, праезду, асвятлення, а таксама ўладкаванне тратуараў і агароджы па вуліцы Чырвонаармейскай, абсталяванне прыпынку, мадэрнізацыя праезду да бані, уладкаванне пешаходнай дарожкі з асфальтабетонным пакрыццём на дарозе Казлоўшчына – Явар – Мядзвінавічы (да Казлоўшчынскай бальніцы).

Таксама Вадзім Бялятка спыніўся на тым, што пры сельвыканкаме працуюць грамадскія фарміраванні, якія вядуць актыўную прафілактычную работу з ненадзейнымі сем’ямі, хатнімі скандалістамі, асобамі, якія злоўжываюць алкаголем. Праводзяцца рэйд-праверкі, складаюцца акты агляду, выкананне якіх знаходзіцца на кантролі. Наладжаны цесны кантакт з кіраўніцтвам мясцовых арганізацый, актывам сельсавета, дэпутацкім корпусам, старастамі вёсак. “Зроблена шмат, нямала яшчэ належыць зрабіць” – падрахункаваў сваё выступленне старшыня сельвыканкама.

Каб не быць галаслоўным, ён запрасіў удзельнікаў мерапрыемства на невялікую экскурсію па аб’ектах добраўпарадкавання. Агляд пачаўся з адміністрацыйнага будынка сельвыканкама, дзе госці наведалі глядзельную залу, кабінеты супрацоўнікаў, апорны пункт аховы правапарадку. Далей рушылі ў бібліятэку, паглядзелі фотазону з нацыянальным каларытам, выставы і тэматычныя куткі. Прыемнае ўражанне на прысутных аказаў Казлоўшчынскі яслі-сад, дзе выхоўваецца 81 дзіця. Дваровая тэрыторыя ўстановы падзелена на ярка аформленыя тэматычныя зоны, дзе малеча ў гульнявой форме спасцігае правілы дарожнага руху, традыцыі продкаў, прыродныя з’явы, умацоўвае здароўе. Прываблівае рукатворнай прыгажосцю і падворак мясцовага храма, дзе разбіта вялікая колькасць клумбаў. Гісторыю Успенскай царквы працягласцю амаль у 100 гадоў гасцям расказаў яе настаяцель айцец Георгій. У Казлоўшчынскай сярэдняй школе прысутныя наведалі музейныя пакоі, даведаліся, што тут вучацца 244 вучні, для якіх створаны выдатныя ўмовы, бо ва ўстанове завяршаецца апошняя стадыя рамонту: адноўлены стадыён, дзе ўладкаваны бегавая дарожка і валейбольная пляцоўка з мяккім пакрыццём, завяршаецца капітальны рамонт актавай і спартыўнай залаў. Многае за апошні час зроблена і ў Казлоўшчынскай гарадской бальніцы: заменены два ганкі, пафарбаваны дах і падмурак галоўнага корпуса, агароджа вакол тэрыторыі, заменена сігналізацыя, мадэрнізавана асвятленне, рэканструяваны гаражы. Як ідуць работы па добраўпарадкаванні і выдаленні аварыйных дрэваў, госці ўбачылі на могілках вёскі Малдавічы.

Удзельнікаў Дня сельсавета чакала і яшчэ адна прыемная місія: старшыня Вадзім Бялятка запрасіў іх разам ажыццявіць сплаў на байдарках па партызанскіх мясцінах, прымеркаваны да 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Стартавалі байдарачнікі ад вёскі Чарлёнка і прайшлі на вёслах па цячэнні 14 кіламетраў. Паслугі па сплаве, як прыклад развіцця воднага турызму ў раёне, былі прапанаваны Дзятлаўскім раённым фізкультурна-спартыўным клубам.

Рахункуючы вынікі сустрэчы і ацэньваючы праведзеную работу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ад усіх прысутных падзякаваў Вадзіму Бялятку за прыемныя ўражанні ад воднага падарожжа, адзначыў, што на падведамаснай тэрыторыі сапраўды робіцца вельмі шмат і нагадаў, што па выніках работы ў 2020 годзе Казлоўшчынскі сельвыканкам прызнаны лепшым у вобласці, за што адзначаны каштоўным падарункам.

Ірына СТЫРНІК



Теги: