Цікавілі працаўладкаванне і матэрыяльная дапамога

Важнае Улада

3 чэрвеня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

Ад нашых землякоў Уладзіміру Аляксандравічу паступілі два звароты.

Жыхарку горада Дзятлава цікавіла магчымасць атрымання дзяржаўнай матэрыяльнай падтрымкі. Жанчына расказала, што пенсія ў яе невялікая, значную яе частку даводзіцца траціць на набыццё лекаў. Заяўніца пацікавілася ў дэпутата, ці прадугледжаны ў яе сітуацыі льготы? Уладзімір Сіняк адрасаваў пытанне ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама. Спецыялісты параілі дзятлаўчанцы сабраць усе касавыя квіткі на нядаўна купленыя лекі і прынесці іх ва ўпраўленне па працы, дзе будзе вырашацца пытанне аб аказанні ёй матэрыяльнай дапамогі.

Жыхар райцэнтра звярнуўся да дэпутата па дапамогу ў працаўладкаванні. Уладзімір Аляксандравіч узяў пытанне мужчыны на асабісты кантроль, паабяцаў азнаёміцца з мясцовым рынкам вакансій, пагаварыць з наймальнікамі і ўжо тады патлумачыць заяўніку магчымыя варыянты працаўладкавання.

У гэты ж дзень дэпутат правёў сустрэчу са спецыялістамі райвыканкама, якія адказваюць за арганізацыю і правядзенне ў раёне выбарчых кампаній. Ён расказаў, што нядаўна на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь была ўнесена прапанова аб падаўжэнні тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання да чарговых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Яна была падтрымана ўсімі пастаяннымі камісіямі Парламента. Такое рашэнне дэпутаты палічылі мэтазгодным, бо яно скіравана на памяншэнне фінансавых затрат на арганізацыю выбарчай кампаніі пры ўвядзенні так званага “адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў”.

Уладзімір Сіняк праанансаваў, што ўжо падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы для звароту дэпутатаў абедзвюх Палат да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спецыяльнай Канстытуцыйнай камісіяй рыхтуецца праект Закона “Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, у які ўнесены такія палажэнні, як: “Дапоўніць артыкул 67 часткай наступнага зместу: “Выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання”; 2. Дапоўніць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь артыкулам 147 наступнага зместу: “Мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання выконваюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбраных у адзіны дзень галасавання”.

Праект гэтага закона плануюць разгледзець у першым чытанні ўжо сёлета на вясенняй сесіі Парламента.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga