Чаму рашыліся на прышчэпку?

Важнае Грамадства

Дзятлаўчане, якія ўжо атрымалі вакцыну ад каронавірусу падзяліліся сваімі адчуваннямі.

Таццяна Калашнікава, настаўніца:

– Прышчаплялася ад каранавірусу я даўно, у лютым-сакавіку. Акрамя мяне, прышчапіўся мой муж і мама пенсійнага ўзросту. Рашылася на прашчэпку таму, што ўпэўнена ў яе эфектыўнасці, веру, што прышчэпкавая кампанія нам сапраўды дапаможа перажыць каранавірус і справіцца з ім. Акрамя таго, наперадзе лета, працоўны водпуск, у час якога хочацца нейкага руху, паездак. А ўсведамленне таго, што я і мая сям’я абаронены на 99 %, дазволіць спакойна рэалізаваць гэтыя планы. Назіраючы за краінамі, якія масава прышчапіліся і атрымалі ўстойлівае паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, спадзяюся, што гэты станоўчы вопыт замацуецца і ў нас. Хацелася б, каб людзі зразумелі, што прышчапіцца ад СOVID-19 важна і патрэбна, тым больш, такая мера даступная ў нашым раёне.

Марына Міклуш, спецыяліст райвыканкама:

– Прышчапіцца вырашыла, таму што я свядомы адказны чалавек, які перажывае не толькі за сябе. Я хачу, каб у нашым грамадстве выпрацаваўся калектыўны імунітэт. А чаму не пачаць з сябе ў гэтай справе? Я атрымала пакуль што першы кампанент прышчэпкі, на наступным тыдні будзе другі. Адчуванні пасля прышчэпкі выдатныя, ніякага недамагання не было. Нягледзячы на прышчэпку элементарныя меры прафілактыкі я выконваю: нашу маску ў грамадскіх месцах, стараюся часцей мыць рукі, а калі няма такой магчымасці – апрацоўваць антысептыкам.

Ганна Дварчанін, пенсіянерка:

– З пачатку распаўсюджвання ў нас каранавірусу я ўважліва сачыла за навінамі на гэту тэму, бачыла, як шмат людзей хварэе ў Беларусі і ў свеце. Цікавілася ў знаёмага, які працуе ў санітарнай службе раёна, што адбываецца ў гэтым плане ў Дзятлаве, і адчувала сапраўдную трывогу за здароўе сваё і блізкіх людзей. Таму, калі мне прапанавалі зрабіць прышчэпку супраць каранавірусу, я ўпэўнена пагадзілася. Тым больш, што я заўжды давярала прышчэпкам, іх эфектыўнасці. З навінаў я ведала, што ў многіх краінах людзі хочуць прышчапіцца, але пакуль не маюць магчымасці гэта зрабіць. А ў нас усё гэта даступна і бясплатна. Першы кампанент я атрымала ў сакавіку, праз дваццаць адзін дзень – другі. Зразумела, я перажывала, бо было нямала негатыўных чутак пра вакцыну, але дарэмна. Усё прайшло нармальна, не было павышэння тэмпературы. Цяпер таксама адчуваю сябе добра.

Наталля АВЯРЧУК