Чалавек па жыцці і за рулём

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Неаднаразова газета “Перамога” знаеміла сваіх чытачоў з працаўнікамі сельскай гаспадаркі, у якіх цяпер асабліва “гарачая” пара.

На гэты раз сустрэча з цікавым, неабыякавым да чужых праблем, добразычлівым чалавекам – вадзіцелем Іванам Марцукевічам адбылася на палях сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” у самы разгар працы.

Іван Адольфавіч родам з вёскі Засецце Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння Гродзенскага ДТСААФ маладога чалавека прызвалі ў армію. Два гады ён служыў на Заходняй Украіне ў Самара-Ульянаўскай Жалезнай дывізіі. Быў снайперам у дывізіённай разведцы, выдатна нёс баявую службу. За рулём мужчына працуе ўжо 45 гадоў, шэсць з якіх у “АграМілк”. Ён дастаўляе кармы жывёлам, перавозіць зялёную масу, зерне і ўгнаенне. Іван Марцукевіч – вельмі працавіты чалавек, заўсёды адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў: летась ён заняў другое месца ў раёне сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня ад камбайнаў, перавёз 2100 умоўных тон. Акрамя прафесійнага, вадзіцель-перадавік выканаў і свой бацькоўскі доўг: разам з жонкай, якой, на жаль, ужо няма ў жывых, выгадаваў і выхаваў чацвярых дзяцей, таксама добрых і працавітых.

Мужчына – заўзяты грыбнік: заўсёды з задавальненнем адпраўляецца на пошукі лясных дарункаў. Знаходзіць час і на рыбалку, любіць пасядзець на беразе ракі ці возера, палюбавацца прыроднымі пейзажамі, якія яго акружаюць.

У жыцці Івана Адольфавіча было нямала выпадкаў, калі ён дапамагаў не толькі сваім родным і блізкім, але і зусім незнаёмым. Пазней, калі мужчына сам трапляў у няпростую сітуацыю, спагадлівыя людзі таксама не праходзілі або не праязджалі міма.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga